У нашай вобласці 181 школьны музей. Гістарычныя, краязнаўчыя, баявой славы, этнаграфічныя, літаратурныя, мастацкія, экалагічныя – аграмадная скарбонка памяці! І ўсе яны служаць добрай справе, спрыяючы абуджэнню ў юных грамадзян цікавасці да мінуўшчыны, павагі да продкаў, любові да Беларусі.
На фото: С. Вішнеўскі, В. Ермалёнак, А. Калеснік, І. Кандратовіч.
Днямі спіс падоўжыўся: у міёрскай СШ №3 адчыніў дзверы для наведвальнікаў музей кнігі і друку. Варта нагадаць, што адна экспазіцыя ў школе ўжо ёсць – народны гістарычны музей, які дзейнічае з 1986 года і вядомы сваім багатым зборам. Апантаныя стваральнікі абодвух калекцый – настаўнік гісторыі, лаўрэат рэспубліканскай прэміі «За духоўнае адраджэнне» Вітольд Ермалёнак і яго вучні з гуртка «Арганаўты мінулага» (трое з іх – на фотаздымку).
Задума стварыць асобны музей кнігі цеплілася ў Вітольда Антонавіча даўно, бо матэрыялу набралася зашмат, але не было памяшкання. Летась яно з’явілася, знайшлі для новага музея фінансавую падтрымку начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Валерый Драба і дырэктар школы Валянціна Атрошка – і справа закіпела. Аформіла экспазіцыю настаўніца абслугоўваючай працы Таццяна Пацеенак.
У музеі 17 раздзелаў. Можна правесці столькі ж экскурсій, па гадзіне кожная! Агульны агляд доўжыцца паўтары-дзве гадзіны. Назапашана 15 тысяч экспанатаў, але навідавоку толькі дзесятая іх частка. Яны сведчаць: наш край багаты на аўтараў і чытачоў. Музей найперш арыентаваны на тутэйшых школьнікаў, бо асноўная частка яго кнігазбору выяўлена на міёрска-браслаўскіх абшарах. Несумненна, што ён стане адметнасцю райцэнтра, бо ў кожным з музейных раздзелаў ёсць рэдкія рэчы. Распавядаючы пра вытокі пісьма, В. Ермалёнак пакажа вам прасліцу з рунамі – старажытнымі пісьмёнамі, пакінутую ў ХІІ стагоддзі вікінгамі (скандынавамі). Нездарма шведы, якія наведалі раён у гэтым стагоддзі, цікавіліся менавіта прасліцамі.
У раздзеле «Рукапісныя кнігі» можна ўпэўніцца, што ўзровень адукацыі ў колішніх жыхароў гэтага краю быў высокі. Кнігі на розных мовах, з цікавай каліграфіяй. І сярод бедных былі аматары прыгожага пісьменства. Ёсць, напрыклад, рукапісны варыянт «Беларускага года» – кніжкі невядомага аўтара. А перапісаў яе для сябе і нават размаляваў хлопчык-чацвёртакласнік у 1937 годзе. Гэта самы пазнейшы рукапіс у музеі. Кранальная рэч.
Старадрукі, пачынаючы з XVII стагоддзя, па самых розных тэмах, на лаціне, польскай, нямецкай, французскай і іншых мовах. Шосты том з поўнага збору твораў славутага філосафа Жана Жака Русо, «грамадзяніна Жэневы», як пазначана на тытульнай старонцы, знайшоўся на адным з гарышчаў у вёсцы Камянполле, былым маёнтку роду Мірскіх.
Больш за ўсё ацалела духоўнай літаратуры, бо людзі хацелі быць з Богам і парой атэістычнага ўціску. Тут сабраны малітоўнікі на стараславянскай, рускай, польскай, лацінскай і яўрэйскай мовах. Бачна, што іншым разам іх вокладкі сяляне майстравалі самі, каб святыя кнігі служылі як мага даўжэй. Побач змешчаны і абразы, у тым ліку адзін – сямейная рэліквія Ермалёнкаў, ды яшчэ прылады для пісьма, а таксама падсвечнікі, лямпы, пры святле якіх у розныя вякі далучаўся тутэйшы люд да святла пісьменства, чытаючы кнігі.
Яны заўжды каштавалі шмат. Для краязнаўца Вітольда Ермалёнка сабраныя ў музеі важкія фаліянты і тонкія брашуры дорагі тым, што няпроста дасталіся, праз доўгі пошук, нярэдка й за ўласныя грошы ці пры дужа незвычайных абставінах.
– Гадоў дваццаць назад ехаў аднойчы на сваю родную Браслаўшчыну. Дарэчы, добра, што не маю ўласнага транспарту, інакш бы знаходак было мала. Дык вось у Друі была перасадка, чакалі аўтобус. А я не магу проста так сядзець на прыпынку – рашыў пахадзіць. Бачу: непадалёку мужчына паліць... старыя кнігі, падварушвае, каб лепш гарэлі. Стой, кажу, што ты робіш – ды давай тушыць, хапаць з полымя кнігі. Той ад неспадзяванкі і сам стаў мне памагаць.
Рукі мае тады абгарэлі, былі ў пухірах, але недарэмна, бо кнігі аказаліся адметныя. Іх напісаў друйскі вучоны-самавук, аптэкар, які займаўся анатоміяй, сацыялогіяй, – Аўгуст Адлер. Гэта было сапраўднае адкрыццё. Ніхто пра Адлера ў наш час не ведаў, кніг яго нідзе больш няма. Адну з выратаваных я перадаў Браслаўскаму гістарычна-краязнаўчаму музею, – распавядае Вітольд Антонавіч.
Самымі дарагімі ён лічыць беларускія кнігі, бо рэдкія нават тыя, што пазначаны пачаткам мінулага стагоддзя. Сказалася доўгачасовая забарона друкаваць па-беларуску. Мецэнатаў знайсці было цяжка, таму кнігі выдадзены на таннай паперы. Вацлаў Ластоўскі прадстаўлены творам «Што трэба ведаць кожнаму беларусу», ёсць творы Алеся Гаруна, Сцёпкі Бірылы. Сярод аўтараў – і землякі: Пётра Беларус з Узмёнаў, празаік, драматург і перакладчык Пётра Просты з Дзедзіна, іншыя – пісьменнікі, гісторыкі.
Нельга абмінуць паліцы з падручнікамі па розных прадметах – для пачатковай школы, царкоўна-прыходскай, гімназіі, вучэльняў: буквар, часаслоў, ляментаж і г. д. Вось буквар 1920 года выдання трапіўся ў Лявонпалі. Нехта за непатрэбнасцю выкінуў цэлы пакунак іх на вуліцу, тыя, што ляжалі ўсярэдзіне, ацалелі.
– Чаго толькі не здаралася з кнігамі: і на самакруткі іх пускалі, і селядцы ў друкаваныя старонкі заварочвалі, усялякае было, – заўважае настаўнік. – Таму трэба берагчы тое, што цудам ацалела.
Сусветная літаратура ХІХ – пач. ХХ ст.: рускія, сербскія, латышскія, грэчаскія, польскія і шмат якія іншыя творы на мове іх аўтараў. Мастацкія, медыцынскія, юрыдычныя, энцыклапедычныя тамы. Партыйная літаратура прадстаўлена першымі савецкімі выданнямі Маркса, Леніна, Сталіна. Ацалелі яны таксама дзякуючы адметнаму збегу абставін. Усё не пераказаць. Экскурсант будзе ў захапленні.
А якія толькі газеты і часопісы не чыталіся ў мураванках і простых хатах у былыя часы! Нямецкая «Грушавая газета» 1882 г., дзе друкавалі матэрыялы выключна пра грушы, пэўне ж, прыходзіла да нейкага заўзятага садавода. 25 гадоў шукаў В. Ермалёнак хоць экзэмпляр часопіса «Наш глос», які выдаваўся ў Дзісне і заняў у свой час трэцяе месца на аглядзе часопісаў у Польшчы, а Дзісна ж – гэта далёка не Кракаў. Здабыў тры.
Сярод паштовак у музеі захоўваюцца чатыры надта рэдкія (з выявамі Міёраў і Дзісны пачатку ХХ ст.) – іх няма нават у вядомых збіральнікаў. А збор паштовых марак упрыгожвае альбом баранэсы Клёт, якая вырасла на Міёршчыне. Вітольд Антонавіч адшукаў яе ў Варшаве, калі ў яго аказаўся той альбом. Пані папрасіла пакінуць маркі яе маленства ў школьным музеі.
Словам, збіраючыся ў музей кнігі і друку міёрскай СШ №3, трэба запасціся часам, бо ляціць ён тут неўпрыкмет. Нават хуценька пазнаёміўшыся з рарытэтамі, разумееш, што ў гісторыі пісьменства, яе вялікасці Кнігі – не толькі шчаслівыя, а і трагічныя старонкі. Ды дзякуючы такім людзям, як міёрскі настаўнік Вітольд Ермалёнак, яго паплечнікі-калегі і вучні, усё адно не знікае ўпэўненасць: напісанае сапраўды застаецца.
Галіна Шпакоўская, фота Антона Сцепанішчава, «НС».