А. Карэліна, А. Бурдо,І. Пучынская, С. Марозаў, Н. Собаль.
Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі. Ён праходзіў у рамках акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся» і прымеркаваны да 65-годдзя Вялікай Перамогі. Мэтай было заахвоціць школьнікаў і навучэнцаў прафтэхадукацыі да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў мясцінах, дзе яны жывуць і вучацца, пошукавай працы, дзейснага шэфства над ветэранамі. Прадстаўнікі Віцебшчыны аказаліся па-за канкурэнцыяй: ім прысуджана пяць з дванаццаці прызавых месцаў.
А чым заняты юныя аматары мінуўшчыны і іх кіраўнікі зараз, самай спрыяльнай для краязнаўства парой? Аб гэтым расказваюць сёння на 2-й старонцы «НС» прадстаўнікі музеяў, адзначаных на рэспубліканскім конкурсе (на фота). Сустрэча адбылася падчас выніковага семінара ў абласным цэнтры па арганізацыі пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі.
Наталля Собаль, галоўны захавальнік фондаў народнага музея баявой славы наваполацкай СШ №2 (першае месца):
– Толькі што мы скончылі падрыхтоўку зборніка «Война в судьбах людей». Гэта ўспаміны былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, а таксама воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія жывуць у Наваполацку. Зараз дзеці ствараюць электронны каталог кнігі «Памяць. Полацкі раён». А 3 ліпеня прымем удзел у адкрыцці помніка загінуўшым воінам 51-й гвар-дзейскай стралковай дывізіі ў вёсцы Заазер’е. Гэты помнік будзе ўстаноўлены дзякуючы краязнаўцам нашай школы, якія адшукалі невядомае раней месца пахавання байцоў.
Анатолій Бурдо, дырэктар народнага музея Віцебскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава 251-й стралковай дывізіі віцебскага ПТВ №19 бытавога абслугоўвання насельніцтва (першае месца):
– Да дня вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аформілі новую калекцыйную экспазіцыю франтавога салдацкага побыту. Яшчэ мы прыкметна ўзбагацілі свой інтэрнет-сайт матэрыяламі, што тычацца выгнання фашыстаў з абласнога цэнтра і ўсёй Беларусі. Запытанні ідуць кожны дзень: людзі просяць адшукаць месцы пахавання іх загінуўшых у баях родзічаў. 26 чэрвеня – адкрыццё помніка ў гонар 269-га асобнага медсанбата, які падчас вайны знаходзіўся на Дубровеншчыне. Мы падтрымліваем сувязі з нашчадкамі франтавых медыкаў. Дарэчы, іх радня і дапамагла нам ажыццявіць ідэю стварэння помніка.
Алена Карэліна, захавальнік народнага музея баявой славы 39-й Арміі віцебскай гімназіі №5 (другое месца):
– Ганаровымі гасцямі гімназіі з нагоды святкавання вызвалення Віцебска будуць ветэраны 164-й стралковай дывізіі. Гатова чарговая выстава з фондаў нашага музея, на якой прадстаўлены пісьмы франтавых медработнікаў. Рыхтуемся да міжнароднага злёту школьных музеяў баявой славы ў гарпасёлку Аленіна Калінінскай вобласці (Расія), дзе некалі фарміравалася 39-я Армія. І, канешне ж, будзем надалей устанаўліваць імёны невядомых герояў, загінуўшых на нашых абшарах.
Сяргей Марозаў, грамадскі дырэктар народнага музея «Гісторыя дзейнасці клуба «Русічы» аршанскага ПТВ №110 будаўнікоў (другое месца):
– Зараз у музеі дзейнічае выстава «Рэліквія памяці», на якой сабраны салдацкія пісьмы, узнагароды, прадметы франтавога побыту. Удзельнічаем ва ўсіх гарадскіх і раённых мерапрыемствах, прымеркаваных да 65-годдзя Вялікай Перамогі. 20 чэрвеня прадстаўнікі музея былі на ўрачыстым перапахаванні астанкаў савецкіх салдат на мемарыяльным комплексе «Рыленкі» Дубровенскага раёна.
Іна Пучынская, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея Германавіцкай СШ Шаркаўшчынскага раёна (трэцяе месца):
– Нядаўна мы даведаліся ад старшыні раённага савета ветэранаў Уладзіміра Пятровіча Слабовіча, што ў суседняй вёсцы на салдацкіх могілках пахаваны не 9 загінуўшых, як лічылася дагэтуль, а 11. Будзем шукаць прозвішчы пакуль невядомых вызваліцеляў нашага кутка ад захопнікаў.
Яшчэ вучні ўсталёўваюць сувязь з унукамі ветэранаў 1406-га зенітна-артылерыйскага палка, які прагнаў фашыстаў з Германавічаў. Сёлета падрабязней пазнаёмімся і з гісторыяй партызанскага руху ў раёне. Напрыклад, нас цікавіць дзейнасць брыгады «Кастрычнік», тым больш, што ў школе працуе сын камісара гэтай брыгады Івана Іосіфавіча Юкша.