У гэтыя выхадныя Віцебск разнастайна і весела адзначае Дзень горада. Урачыстасці пачнуцца ў цэнтры, на плошчы Перамогі. А самымі ганаровымі гасцямі на гэтым свяце, прымеркаваным і да Дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, вядома, будуць ветэраны Вялікай Айчыннай — былыя франтавікі, партызаны, падпольшчыкі, члены сем’яў загінуўшых. Гэта ім, якія падняліся на абарону Бацькаўшчыны, мы абавязаны магчымасцю радавацца жыццю і будаваць планы на будучыню, упрыгожваць родны горад, развіваць яго эканамічны і сацыяльны патэнцыял. Яны — прадстаўнікі пакалення вызваліцеляў – таксама жывуць сённяшнім днём з яго штодзённымі клопатамі, але разам з тым іх памяць захоўвае ўспаміны пра далёкую цяпер вайну. Забыцца пра гады выпрабаванняў і праверкі на мужнасць, стойкасць, вернасць немагчыма. Няхай эстафету памяці годна нясуць іх унукі і праўнукі.