Якаў Пятровіч Кульнеў быў мужным воінам, таленавітым генералам, які аддаў ўсё жыццё суровай вайсковай службе. У ліпені 1812 года пад Друяй, камандуючы ар’ергардам з трох кавалерыйскіх палкоў і прыкрываючы адыход рускай арміі, перабраўшыся праз Заходнюю Дзвіну, раптоўна атакаваў французаў і ў хуткацечным, але вельмі жорсткім баі разбіў іх два конных палкі, захапіўшы ў палон брыгаднага генерала Сен-Жэні з яго штабам і сакрэтнай дакументацыяй. Упершыню з пачатку вайны французы вымушаны былі адступіць.
Тая бітва не мела рашаючага ваеннага значэння, але прыкметна ўзняла маральны дух людзей. Генерал Кульнеў стаў адным з першых ваеначальнікаў, які здолеў аказаць заваёўнікам арганізаванае супраціўленне, пераканаўшы іншых, што і французаў можна біць і гнаць. Пра гэты ратны подзвіг рускіх воінаў нагадвае мемарыяльная стэла ў ваколіцах Друі.
Імя легендарнага генерала ўвекавечвае і помнік, пастаўлены яшчэ ў 1830 годзе на яго першай магіле. Самотны, ён ўзвышаецца на вельмі маляўнічым і крутым беразе ракі Дрыса паблізу таго месца, дзе калісьці была вёска Сівошына. На зыходзе ліпеня 1812 года ў гэтых мясцінах адбылася славутая Клясціцкая бітва. Напалеонаўскі маршал Удзіно, заняўшы Полацк, разлічваў далей наступаць у напрамку Санкт-Пецярбурга, тагачаснай сталіцы Расійскай імперыі. Шлях агрэсарам перакрыў першы рускі пяхотны корпус П. Вітгенштэйна. На захад ад вёскі Якубава пачаўся авангардны бой. Генерал Кульнеў выбіў французаў з лесу і, пераследуючы іх, пераправіўся праз Дрысу, размясціўшы свой лагер ля вёскі Сівошына. Але рускіх у авангардзе было менш, чым французаў у перадавым атрадзе, ды і пазіцыя Кульнева аказалася не вельмі зручнай для манеўраў. Французскі генерал Легрэн масіраваным кавалерыйскім і штыкавым ударам скінуў рускіх у раку. Гарматнае ядро адарвала Кульневу ногі. Сыходзячы крывёю і ўжо назаўсёды губляючы прытомнасць, ён адчапіў з мундзіра крыж Святога Георгія і аддаў сваім гусарам, каб тыя забралі ордэн з сабою: «Хай французы прымуць мяне за простага салдата і не цешацца з гібелі рускага генерала». Такое адно з паданняў той вайны.
Развіць свой поспех французы не змаглі. Вітгенштэйн абышоў іх з флангаў і ўдарыў па цэнтры. Клясціцкі бой, як сведчаць гісторыкі, быў першай і адзінай у той вайне перамогай рускіх войскаў над большай сілай французаў, якія на гэтым участку мусілі перайсці да абароны.
У гонар гэтай перамогі адзін з рускіх палкоў ад невялікай беларускай вёскі атрымаў назву Клясціцкага і існаваў ажно да 1918 года, калі быў расфарміраваны ўжо савецкім урадам.
Згодна з яшчэ адным паданнем, якраз ля Сівошына падчас падарожжа Якаў першым пяшчотным штуршком падаў узрушанай і ўсхваляванай маці, цяжарнай ім, знак аб сваім існаванні...
Тут потым ён скончыў свой жыццёвы шлях. Сам Напалеон, даведаўшыся пра гібель Кульнева, назваў яго «выдатнейшым генералам». Такая пахвала тым больш важкая, калі ўлічыць, што французскі імператар увогуле скептычна ставіўся да рускіх ваеначальнікаў, не робячы выключэння і для Кутузава.
Вось што напярэдадні вайны 1812 года даносіў Напалеону адзін з яго агентаў, што жыў у Расіі і збіраў інфармацыю пра рускіх генералаў: «Шэф Паўлаградскага палка Кульнеў таленавіты генерал, надзвычай храбры. Салдаты яго любяць. Добра ведае тактыку. Энергічны. Гэта Ласаль рускай арміі».
У адным памыліўся французскі шпіён. Кульнеў быў шэфам не Паўлаўградскага, а Гродзенскага гусарскага палка. Згаданы ў данясенні Антуан Ласаль – бліскучы кавалерыйскі генерал напалеонаўскай гвардыі, загінуў зусім маладым да 1812 года.
Яшчэ ў ХІХ стагоддзі родныя перанеслі прах Кульнева ў адзін са сваіх прыбалтыйскіх маёнткаў. А ў 1962 годзе вёска Царкавішча ў Расонскім раёне атрымала новую назву – Кульнева.
Як лічаць краязнаўцы, і вёска Драгунова (таксама на Расоншчыне) з’яўляецца тапанімічным помнікам вайне 1812 года. Сцвярджаць так, падставы ёсць. Удзел у Клясціцкай бітве прымалі і драгунскія палкі – у прыватнасці, Ямбурскі, Сібірскі і Рыжскі. Тут яны стаялі і пасля, прыкрываючы паўночную сталіцу. Драгуны – тыя ж кавалерысты, у залежнасці ад абставін дзейнічалі як у конным, так і пешым строі. Воіны, відаць, былі зухаватыя не толькі ў баях і, як жартуюць мясцовыя старажылы, прыкметна паспрыялі падчас сваёй дыслакацыі паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі ў навакольных вёсках.
Ёсць усе падставы сцвярджаць, што і вёска Драгуны Міёрскага раёна невыпадкова мае такую назву. Паблізу яе статысячнае рускае войска яшчэ колькі месяцаў да вайны і на першым яе этапе знаходзілася ў так званым Дрысенскім умацаваным лагеры, які, па прычыне стратэгічных пралікаў, у ліпені 1812 года давялося пакінуць, каб пазбегнуць паражэння ад французаў.
Непадалёку ад Клясціцаў, але ўжо ў Полацкім раёне, згубілася сярод зялёных лясных разлогаў невялічкая вёсачка Конны Бор. Якраз тут на лініі Алешча-Сітна займаў свае пазіцыі насупраць рускіх драгунскіх палкоў кавалерыйскі корпус маршала Сен-Сіра, прастаяўшы некалькі месяцаў.
У Пастаўскім раёне ёсць вёска Парыж. Тут паданне такое. Напалеон Банапарт, рухаючыся з гвардыяй ад Вільні да Глыбокага, вырашыў спыніцца і крыху адпачыць у паходным шатры. Тутэйшыя маляўнічыя пагоркі вельмі ўразілі імператара сваім дзівосным хараством і нагадалі яму французскую сталіцу. Тады нібыта Напалеон паклікаў да сябе перапалоханага тутэйшага пана і загадаў называць блізкую да ўзгоркаў вёску Парыжам. Новая назва прыжылася, а старая спакваля забылася.
Як вядома, для паходу ў Расію Напалеон нагроб ультыматыўным прымусам з розных куткоў пастаўленай ім на калені Еўропы велізарную армію. Апрача французаў, былі тут харваты, прусакі, партугальцы, швейцарцы, вестфальцы (сяляне называлі іх бяспальцамі), вюртэмбержцы, палякі, італьянцы... Вось нехта з апошніх, як мяркуюць талачынскія краязнаўцы, трапіўшы да рускіх у палон, пасля вайны, па нейкіх важкіх прычынах, мог застацца жыць на нашай зямлі і нават закласці новае паселішча, якое назваў у гонар пакінутага ім роднага горада П’ямонтам (у перакладзе на нашу мову – падножжа гары).
Што ж, звернемся да гістарычных фактаў. Напалеон і сапраўды, адступаючы па старой смаленскай дарозе, як воўк, уцякаў ад казакоў праз Талачын, дзе спыніўся на начлег у манастыры. Але затрымаўся нядоўга, трэба было тэрмінова ратавацца. Як засведчыў потым у сваіх даволі вядомых мемуарах блізкі да імператара саноўнік дэ Каленкур, многія з французскіх салдат, адыходзячы з Талачына, настолькі аслабелі, што не маглі рухацца далей. «Гэта было жудаснае відовішча», – спачуваў маркіз бітым ваякам. Яны і сталі здабычай казакоў, якія ў ваколіцах Талачына ўзялі ў палон 600 французаў.
Захавалася складзеная смаленскім губернскім пракурорам ведамасць аб спаленых і разрабаваных вёсках Копыскага павета у вайну 1812 года. Дакумент падрабязны, у ім дэталёва зафіксаваны страты і разбурэнні падчас ваенных дзеянняў, даюцца назвы многіх вёсак, сёлаў, фальваркаў, мястэчак...
Дык вось вёскі П’ямонт у гэтым пераліку няма. Верагодна, што тады яе яшчэ не было, і яна з’явілася пазней, калі спапялёная вайной зямля пакрысе вярталася да жыцця...
Ірэн – Станіслава Іосіфаўна Бакевіч, якая жыве ў вёсцы Друя, Браслаўскага раёна, чула ад дзядоў, што хутар Гузаў Двор (яго ўжо даўно няма) заснаваў палонны французскі афіцэр з прозвішчам Гуз. Апошні яго нашчадак пакінуў Браслаўшчыну ў 1939 годзе.
Але вернемся на Талачыншчыну. Ёсць тут вёска з даволі цікавай назвай – Астрашапкі. Ці не з’яўляецца і яна рэхам вайны 1812 года? Як вядома, афіцэры таго часу насілі так званыя трохвуголкі – конусападобныя галаўныя ўборы з верхнім вострым вуглом. Дык асобныя краязнаўцы, зыходзячы з гэтага, мяркуюць, што ў ваколіцах вёскі паміж рускімі і французамі адбыўся бой, пасля якога мясцовасць ушчэнт пакрылася трохвуголкамі. Тады, магчыма, вёска займела назву Вострыя Шапкі, што спакваля трансфармавалася ў сучасны варыянт?
Зноў завітаем і на Расоншчыну, у вёску Альбрэхтава. Імені Альбрэхт у царкоўных святцах няма, сялянскім хлопчыкам яго пры хрышчэнні не давалі. Відавочна, назва паселішча пайшла ад прозвішча колішняга ўладальніка. Адным з герояў згаданай вышэй бітвы пад Друяй быў палкоўнік Альбрэхт. Яго кавалерыйскі атрад імклівым рэйдам знішчыў пераправу французаў цераз Дзвіну. Затым колькі разоў хадзіў у рызыкоўную разведку і заўсёды вяртаўся з натоўпам палонных і каштоўнымі звесткамі пра дыслакацыю варожых палкоў. Магчыма, што пасля выгнання французаў атрымаў удалы палкоўнік ва ўзнагароду за ратныя заслугі ад дзяржаўнай казны маёнтак пад Расонамі.
Напамінам пра тую вайну застаюцца назвы шматлікіх урочышчаў – Напалеонаўскія, ці Французскія магілы, горы або курганы… Праўда, праведзеныя раскопкі паказалі, што тут у сівую даўніну хавалі нябожчыкаў нашы далёкія продкі-крывічы.
Асобныя краязнаўцы Гарадоцкага раёна мяркуюць, што менавіта з вайной 1812 года звязаны назвы вёсак Баталі і Ламаносава, а таксама ўрочышча Асеча. Маўляў, тут адбыліся баі (баталіі), французаў добра пасеклі, паламалі ім насы.
Версія грунтуецца на падабенстве слоў. У назве Баталі, трэба заўважыць, множны лік, а націск падае на апошні склад. Баталямі продкі называлі вялікія, ушчэнт разношаныя боты, наогул нязграбны абутак.
Адзін з першых насельнікаў вёскі Ламаносава знявечыў дзесьці нос – і зусім не абавязкова, што на вайне, а, верагодна, у заўзятай вясковай бойцы. Ці прырода такім «адарыла».
А назва ўрочышча Асеча дазваляе меркаваць, што тут альбо быў калісьці высечаны лес, альбо стаяла ў даўнія часы асець – пабудова, дзе продкі сушылі збажыну, каноплі, лён. Найбольш пашыранай была яна на поўначы Беларусі.