Упершыню ў пісьмовых крыніцах Орша згадваецца пад 1067 годам, як і Мінск. Звязала гэтыя гарады ў летапісе бітва на рацэ Няміга, дзе полацкі князь Усяслаў Чарадзей супрацьстаяў тром сваім стрыечным дзядзькам Яраславічам (сынам Яраслава Мудрага) на чале з кіеўскім князем Ізяславам. Крывавы ўзброены канфлікт скончыўся «нічыёй», і спрэчныя пытанні пачалі вырашаць дыпламатычным шляхам. Праз чатыры месяцы Яраславічы паклікалі У. Чарадзея ў памежную Ршу. Полацкі князь разам з сынамі пераплыў на чаўне на левы бераг Дняпра, дзе стаяў шацёр супернікаў. І тут яго Яраславічы паланілі, парушыўшы клятву на крыжы. Да верасня 1068 года Усяслаў адседзеў у Кіеве ў порубе (яме). Потым адбылося паўстанне, і гараджане прапанавалі палоннаму кіеўскі пасад. Але гэта ўжо іншая гісторыя…
Вядома, што на тэрыторыі сучаснай Оршы 15-10 тысяч гадоў таму людзі жылі ў некалькіх месцах. Самая старажытная стаянка першабытнага чалавека выяўлена на левым беразе Дняпра насупраць вуліцы Бялінскага. Тагачасныя тутэйшыя насельнікі лавілі рыбу, збіралі расліны і палявалі на дзічыну, у тым ліку на мамантаў, якія яшчэ не паспелі вымерці пасля апошняга рэзкага змянення клімату (рэшткі гэтага звера знойдзены ў ваколіцах горада ў 1904 годзе).
Гарадзішча
Плошча месца, з якога пачыналася Орша, крыху перавышае паўгектара і датуецца Х-ХІ ст ст. Яно знаходзіцца на мысе, дзе Аршыца зліваецца з Дняпром. Гарадзішча стала асновай для будаўніцтва напрыканцы XIV ст. замка з пяццю вежамі. Узвядзенне фартэцыі пачалося пры Вітаўце, канчатковы ж выгляд замак атрымаў толькі праз 200 гадоў, бо пасля шматлікіх войнаў часу і сродкаў заставалася толькі на аднаўленне разбуранага. Замак стаяў на востраве: з двух бакоў яго ўмацаванні акалялі Аршыца і Дняпро, з трэцяга – штучны роў з вадой. Перыметр фартэцыі складаў 900 м, вышыня вежаў – 16-20 м, вышыня напалову каменных сцен – 5-8 м. Трапіць сюды можна было толькі праз пад’ёмны мост. Замак канчаткова зруйнавалі войскі Пятра І падчас Паўночнай вайны 1700-1721 гг.
У свой час археолагі знайшлі на гарадзішчы кальчугу са старажытнаславянскімі надпісамі. Унікальную знаходку перадалі ў экспазіцыю Гістарычнага музея ў Маскве. На гарадзішчы ўстаноўлены памятны знак з датай першай згадкі пра Оршу.
Куцеінскі манастыр
Заснаваны ў 1623 годзе ў месцы, дзе рачулка Куцейна ўпадае ў Дняпро. Будаўніцтва фундаваў тагачасны аршанскі алігарх Багдан Статкевіч, які падтрымліваў праваслаўе і не хацеў пераходзіць ва ўніяцтва ці каталіцызм. У 1630-м сюды з Кіева прыехаў Спірыдон Собаль і адкрыў друкарню. Манастыр стаў цэнтрам кірылічнага кнігадрукавання на беларускіх землях. Адным з першых выдадзеных фаліянтаў быў «Буквар» на беларускай мове. Дарэчы, і само слова «буквар» прыдумалі ў Оршы. У манастыры жылі да 200 манахаў, сярод іх былі іканапісцы, гравёры, разьбяры па дрэве. Заняпад абіцелі пачаўся падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам. У 1655-м першы ігумен Іаіль Труцэвіч з часткай манахаў выехаў у Іверскі манастыр пад Ноўгарадам, туды ж вывезлі і друкарню. Пазней абсталяванне забраў да сябе ў Маскву Сімяон Полацкі, які працаваў выхавацелем будучага імператара Пятра І. У 1655-м па загадзе цара Аляксея Міхайлавіча з Куцейны забралі майстроў, сярод іх былі і гравёры, якія афармлялі Зброевую (Оружейную) палату ў Крамлі і Каломенскі царскі палац у Ізмайлаве.
Напрыканцы ХІХ ст. ад удару маланкі згарэў галоўны храм манастыра – драўляны Богаяўленскі сабор. У пачатку ХХ ст. пад яго падмуркам выяўлена пячорная (падземная) царква плошчай 11 кв. м. Манастыр зачынілі пасля рэвалюцыі. Да нашага часу захавалася каменная Троіцкая царква, пабудаваная ў стылі віленскага барока (адрэстаўравана ў 1995 годзе), частка сцяны і жылы корпус. Аднаўленне манастара пачалося ў 1990-м.
Музейны завулак, 12
Калісьці Оршу называлі горадам манастыроў. Апроч праваслаўнага Куцеінскага, былі кляштары каталіцкай канфесіі: дамініканцаў, францысканцаў, бернардзінцаў, трынітарыяў, марыявітанак, а таксама ўніяцкі – базыльянаў. Рэшткі большасці з іх захаваліся.
Базыльянскі манастыр з 42-метровым храмам пабудавалі ў 1774 годзе на высокім беразе Аршыцы. Сабор быў архітэктурнай дамінантай горада. Пасля ліквідацыі уніі комплекс перадалі праваслаўным. З прыходам улады бальшавікоў манастыр зачынілі і стварылі сельскагаспадарчы, а потым краязнаўчы музей (памяць пра тое захоўвае назва гарадской артэрыі – Музейны завулак). У 1967-м, на зыходзе чарговай хвалі барацьбы з рэлігіяй, сабор узарвалі. Зараз захаваліся толькі рэшткі жылога корпуса, магутныя сцены і скляпенні якога сведчаць аб прафесіяналізме старажытных будаўнікоў.
Дарэчы, у часы нэпа ў адным з будынкаў на Музейным завулку знаходзілася арцель па вытворчасці безалкагольнага напою рубінавага колеру «Шпанка» (назва гатунку вішні). Рэцэпт газіроўкі з прысмакам вішні майстры пільна бераглі. З ліквідацыяй прадпрымальніцтва скончыўся і выпуск арыгінальнай аршанскай прадукцыі.
Млын
Вадзяны млын стаіць некалькі стагоддзяў на штучным канале, што злучае Аршыцу з Дняпром. Спачатку ён быў драўляным, а ў 1902 годзе тут адбылася мадэрнізацыя. Будынак склалі з цэглы і замянілі старое абсталяванне.
Зараз былы млын выконвае функцыю этнаграфічнага музея. Сярод экспанатаў – прылады працы нашых продкаў, музычныя інструменты, адзенне і інш.
«Кацюша»
14 ліпеня 1941 года з узлеска, што знаходзіўся паміж вёскамі Пішчалава, Хлусава і Гадавічы, грымнуў першы залп рэактыўнага мінамёта БМ-13, які пазней атрымаў назву «Кацюша». Дарэчы, каля Гадавічаў падчас вайны немцы абсталявалі буйны камандны пункт з узлётнай паласой, сюды ў 1943 годзе з інспекцыяй прылятаў Гітлер. Моц новага віду ўзбраення адчулі захопнікі, што ўжо атабарыліся на чыгуначнай станцыі Орша. Батарэяй камандаваў капітан Іван Флёраў.
У 1966-м у гонар 25-годдзя першага залпу «Кацюшы» ў цэнтры Оршы на высокім беразе Дняпра ўзведзены мемарыяльны комплекс, які занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Вакзал
Гісторыя Оршы як усходняй уяздной брамы Беларусі пачалася ў другой палове ХІХ ст., калі была пракладзена чыгуначная лінія Масква – Брэст. У 1871 годзе пабудавалі драўляны вакзал, у 1912-м – каменны, які мяняў свае абрысы і ўнутранае начынне на працягу дзесяцігоддзяў. Апошняя рэканструкцыя адбылася ў пачатку 2000-х з выкарыстаннем еўрапейскіх тэхналогій і матэрыялаў. Будынак знаходзіцца нібы на востраве пасярод сталёвых рэек. З «Паўночнага» і «Паўднёвага» боку штодзень праходзяць дзясяткі цягнікоў. У 1984-м у гонар 40-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў на прывакзальнай плошчы ўстанавілі пасажырскі паравоз серыі П-36, побач – помнік і магіла Канстанціна Заслонава.
Ці не самы вядомы беларускі чыгуначнік нарадзіўся ў 1910 годзе ў расійскім горадзе Асташкаў Цвярской губерні. З 1939-га ўзначальваў паравознае дэпо станцыі Орша. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Маскву. Ужо ў верасні 1941 года К. Заслонаў разам з групай чыгуначнікаў перайшоў лінію фронту, вярнуўся ў Оршу і легалізаваўся. Уладкаваўшыся начальнікам рускіх паравозных брыгад, стварыў падпольную групу. За тры месяцы, выкарыстоўваючы замаскіраваныя пад вугаль міны, падпольшчыкі падарвалі 96 паравозаў, пашкодзілі сотні вагонаў і цыстэрн. З-за пагрозы арышту ў пачатку сакавіка 1942-га група пакінула Оршу і арганізавала партызанскі атрад, які перарос ў брыгаду «Дзядзі Косці». К. Заслонаў загінуў 14 лістапада 1942 года падчас бою з карнікамі ў вёсцы Купаваць Сенненскага раёна.
Кабыляцкая гара
Гэтае вялікае ўзвышша пачынаецца на выездзе з Оршы ў бок Андрэеўшчыны. Сваю назву гара атрымала ад князя Андрэя Іванавіча Кабылы, які жыў тут у ХІІІ ст. У свой час ён перабраўся ў Маскву, дзе ўладкаваўся на дзяржаўную службу. Расійскі гісторык Мікалай Карамзін і беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч сцвярджалі, што заснавальнік дынастыі Раманавых цар Міхаіл Фёдаравіч (1596-1645 гг.) быў нашчадкам А. Кабылы ў дзявятым пакаленні.
У гады сталінскіх рэпрэсій Кабыляцкая гара стала месцам расстрэлу вязняў Аршанскай турмы. Паводле краязнаўцаў, з 1930 па 1953 гады тут было загублена да 5 тысяч чалавек. Першыя парэшткі знайшлі ў 1970-х, калі пракладвалі чыгунку да станцыі Орша-Паўночная. У 1992-м на месцы расстрэлаў гарвыканкам устанавіў памятны знак.
Музей Караткевіча
26 лістапада 1930 года ў Оршы нарадзіўся адзін з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Караткевіч. У нашай краіне не шмат знойдзецца людзей, хто не чытаў «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Чорны замак Альшанскі», ці хоць бы не глядзеў фільмы, знятыя па гэтых творах. Цікава, што музей Караткевіча размяшчаецца у будынку (вул. Леніна, 26), дзе раней знаходзіўся гарадскі радзільны дом, у якім Уладзімір Сямёнавіч з’явіўся на свет. У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, фатаграфіі, вытрымкі з пісем, а таксама реканструявана працоўнае месца пісьменніка, што знаходзілася ў мінскай кватэры.
Езуіцкі калегіум
У савецкі час Орша мела сумную крымінальныю славу. А месцічы жартавалі, што ў горадзе тры турмы і ніводнага тэатра. Што казаць, калі адна з зон размяшчалася ў самым цэнтры Оршы – у комплексе будынкаў былога езуіцкага калегіума, адкуль жыхары прылеглых дамоў чулі каманды, што аддаваліся зэкам.
Прыходу езуітаў у Оршу спрыяў канцлер ВКЛ Леў Сапега ў пачатку XVII ст. Першапачаткова комплекс быў драўляным, а пасля пажару 1680 года вырашылі аднаўляць будынкі з цэглы і каменю. Апроч касцёла, жылых і гаспадарчых памяшканняў, пры калегіуме дзейнічала вучылішча, сад лекавых раслін, першая ў горадзе аптэка, тэатр. Тут напісаны «Аршанскі кодэкс» – зборнік папулярных драм і інтэрмедый эпохі барока, якія ставіліся ў Варшаве, Віцебску, Наваградку, Полацку. Зараз ён знаходзіцца ў бібліятэцы польскага Вроцлава. Восенню 1812 года пры адступленні з Масквы ў калегіуме кватараваў Напалеон. У той час інтэндантам (афіцэр, што адказваў за забеспячэнне арміі правізіяй) Оршы быў пісьменнік Анры Мары Бейль, больш вядомы пад псеўданімам Стэндаль. У 1820-х па ўказе цара Аляксандра І езуіцкі ордэн быў забаронены на тэрыторыі Расійскай імперыі. Аршанскі калегіум перадалі ваеннаму ведамству, якое пераабсталявала яго пад турму, што дзейнічала з 1842-га да пачатку 1990-х.
Падчас падрыхтоўкі да правядзення ў Оршы рэспубліканскага фестывалю «Дажынкі-2008» калегіум адрэстаўравалі. Адноўлены касцёл з гадзіннікам на вежы, манастырскі корпус, памяшканне бурсы (вучылішча), гаспадарчыя пабудовы. Зараз тут знаходзіцца мастацкая галерэя, дзіцячая бібліятэка, Дом рамёстваў, кафэ, аддзел культуры гарвыканкама. Былы калегіум стаў адной з галоўных гістарычных адметнасцяў Оршы. Увогуле, дзякуючы «Дажынкам» цэнтр горада з шэрага і малапрыкметнага ператварыўся ў прывабнае месца адпачынку жыхароў і гасцей горада.
Варта пабываць!