К. Свірыдзенка, Н. Савіна, У. Філенка.
Трыумфам айчынных выканаўцаў скончыўся фестываль творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы, які адбыўся ў кастрычніку ў Смаленску. Удзельнічалі ў ім музычныя калектывы з Беларусі і розных рэгіёнаў Расіі. Не згубіўся ў гэтым калейдаскопеі вакальны ансамбль інвалідаў па зроку з Віцебска «Вечарына». Дыплом ІІ ступені яму ўручыла старшыня журы знакамітая выканаўца народных песень Вольга Варанец.
А пачалася гісторыя калектыву 20 гадоў таму з сямейнага і творчага саюза Уладзіміра Філенкі і Кацярыны Свірыдзенка. Уладзімір Васільевіч віртуозны майстар-гарманіст, а Кацярына Якаўлеўна шукае песні (сваю фанатэку яна пачала збіраць, калі яшчэ жыла ў Магілёве). Спявае, іграе на ўсемагчымых бразготках. У розныя часы ў ансамблі была розная колькасць выканаўцаў, але вось ужо 10 гадоў як спыніліся на аптымальнай лічбе – тры выканаўцы: яшчэ ў калектыў уваходзіць адна з лепшых у вобласці прыпевачніц Надзея Савіна.
Геаграфія выступленняў «Вечарыны» ўражвае: Шаркоўшчына і Сянно, Багушэўск, Полацк, Орша, «Дажынкі» і «Славянскі базар», святы вёсак і малых гарадоў... У тым жа Смаленску сёлета выступалі ўжо шосты раз. І так спадабаліся мясцовай грамадзе, што былі запрошаны на сольны канцэрт у шпіталь. Усё прайшло на ура. Не вельмі добрая прыкмета нашага часу тое, што нават народныя і духоўныя песні пачынаюць спяваць пад фанаграму. Уладзімір Філенка лічыць такую форму выступленняў цалкам непрымальнай: у такім выпадку, маўляў, не трэба і выходзіць на сцэну, а выбраць іншы занятак. Нават на радыёфестывалі «Душа», калі ўсе прадставілі студыйныя запісы, «Вечарына» прынцыпова гадзіну спявала «ўжывую». І перамаглі!
Вакальнае трыо трапятліва ставіцца да свайго рэпертуару: «стандартшчыну» не спяваюць, а шукаюць творы, што гучаць рэдка. Сёлета ў Смаленску памяняліся песнямі з расіянамі.
Сямейнае гняздзечка Уладзіміра і Кацярыны выконвае ролю і рэпетыцыйнай студыі, і музея музычных інструментаў (тут ёсць бубны, трашчоткі, лыжкі, званочак, акарына, свісток, капыткі, трыдзель, румба, бразготкі і, натуральна, тры гармонікі з розным тэмбрам гучання). А колькі гаспадары захоўваюць усемагчымых дыпломаў і грамат! Іх лік ужо ідзе не на дзесяткі, а на сотні. А як ставяцца суседзі да гучных спеваў за сценамі? Скардзяцца, калі вясёлая музыка сціхае.