Заўсёды здзіўляўся феномену цыганскай танцавальна-песеннай культуры. Чаму пры негатыве, які мае да асобаў гэтай нацыянальнасці пэўная колькасць нашых суграмадзянаў, такія папулярныя іх гучныя спевы? Нядаўна пабываў на канцэрце цыганскага шоў «Очи черные» ў паўнюткай зале Дома культуры Арэхаўска, што на Аршаншчыне. Канешне ж, спатоліў сваю цікавасць пасля выступлення, пагутарыўшы за кулісамі з удзельнікамі калектыву.
Яго музыканты прынцыпова не называюць свае прозвішчы: проста – Андрэй, Аляксандр, Святлана і г. д., бо «гэтак прасцей». Каманда сабралася ўжо пяць гадоў таму і за гэты час здолела «раскруціць» сябе. Прынамсі, у інтэрнэт-блогах знайшоў шэраг парад запрасіць «Очи черные» на вяселле ці іншую сямейную ці карпаратыўную ўрачыстасць. І расцэнкі (180 долараў за 35-хвіліннае выступленне) мне падаліся не вельмі высокімі, улічваючы, што ў творчым калектыве восем чалавек.
У сярэднім выпадае выступаць пару разоў на тыдзень. На Віцебшчыну запрашаюць даволі рэдка, часцей – на Брэстчыну і Гродзеншчыну. Ёсць, аказваецца, і канкурэнцыя ў гэтай справе. Усяго каля трыццаці калектываў на Беларусі выступаюць у гэтым стылі. У кожнага свая энергетыка, свая праграма, свой тэмперамент, нават па два склады ўдзельнікаў. На вялікую сцэну выходзяць рэдка, усё больш карпаратывы.
Цыганскую музыку і танцы (Беларуская цыганская дыяспара адзін час планавала адчыніць свой нацыянальны цэнтр, дзе мела быць і школа цыганскага танца, але праект так і застаўся нерэалізаваным) яе выканаўцы ні ў якім разе не пагаджаюцца параўноўваць з папсой, хаця асобныя творы стала выкарыстоўваюцца сучаснымі эстраднымі выканаўцамі. Хутчэй яна набліжаецца да класічнай дарэвалюцыйнай расійскай рэстараннай музыкі. У нечым падобна і да шансону, таму так кранае душу. Чым яшчэ? Можа, тым, што, як цвердзяць удзельнікі, «гэта не хобі, а наша жыццё». Таму яны проста павінны выкладвацца да рэшты ў любой сітуацыі.
Якія песні ў рэпертуары «Очей черных»? Тут і сучасны гарадскі раманс «Не уходи, побудь со мной», і «Осенняя роса», і спеў малдаўскіх цыган «Хоп-хоп», і нават руская народная песня «Калинка», якую цыгане ўзялі ў абіход. Асноўнае ж – народныя песні XIX стагоддзя.
У гурце толькі прафесійныя танцоры і спевакі. Усе яны працуюць, так бы мовіць, па сумяшчальніцтве. Хто ў ансамблі песні і танца, хто ў знакамітых «Харошках», хто ў народным хоры, ёсць і выкладчыкі навучальных устаноў.
Як складваюцца ўзаемаадносіны ў «гарачым» калектыве? «Сваркі творчыя бываюць, але да агню не даходзіць: мы вельмі добра ведаем адзін аднаго», – сказаў саліст Аляксандр.
У кожнай зале, дзе выступае ансамбль, свая энергетыка, да якой прыходзіцца прыстасоўвацца. Напрыклад, у арэхаўскім канцэрце выканаўцы не чулі сябе на сцэне з-за праблемнай акустыкі памяшкання. Прыходзілася літаральна «лезці» на самы край сцэны. Але што гэта для сапраўдных прафесіяналаў? Гледачы, вядома ж, пра дробныя праблемы нават не здагадаліся. І ўсе 25 (!) песень, што былі ў гэты дзень у праграме, прагучалі як належыць, падарыўшы вяскоўцам добры настрой.
Так, сярод цыган ёсць і злодзеі, і валацугі, якія пабіраюцца па гарадскіх вуліцах і вагонах цягнікоў... Але на сцэне іх спевы – гэта распранутая перад слухачом душа нацыі, самабытнай, вольналюбівай, культура, якая прыцягвае да сябе, якая не можа не падабацца.