
Сустракаючы на вуліцах, у Доме культуры ці бібліятэцы гарпасёлка Езярышча гэтага ўсмешлівага чалавека ў гадах, цяжка паверыць, што на яго долю выпалі такія цяжкія выпрабаванні.
Нарадзіўся Міхаіл Герасімаў (на фота) за 5 кіламетраў ад мястэчка, у вёсцы Жукава. Быў гэта 1930 год. Паспеў скончыць толькі тры класы, як пачалася вайна. Памятае дагэтуль Міхаіл Сямёнавіч і як падала першая бомба, і як прыйшлі сюды немцы. Цяжка прыйшлося: і бацька, і дзядзькі пайшлі на фронт. Давялося 11-гадоваму хлапчуку самому араць надзелы, упрагаючыся ў плуг ці барану.
Сапраўднае пекла было у 1943 годзе, калі доўгі час тут стаяў фронт. Запомнілася, як наляцела больш за два тузіны нямецкіх самалётаў: нікуды ад іх не схавацца. За два дні баёў у роднай вёсцы былі знішчаны 65 хат і «ні пылінкі ад іх не засталося».
Каб войска вызваліцеляў магло рухацца на Віцебск, насельніцтва, у тым ліку і малечу, накіравалі на расчыстку дарог. Цяжка было, адно балота прыйшлося літаральна ўсё засцілаць дошкамі. Калі фронт прасунуўся далей, прыйшоў час знішчэння мін і неразарваных снарадаў. На гэтую рызыкоўную працу мабілізавалі падлеткаў, у тым ліку і 14-гадовага Міхаіла. Была пастаўлена задача ачысціць ад небяспечных аб’ектаў дарогу на Віцебск плюс 100-метровыя палосы абапал яе. Са спецыяльнымі шчупамі хлопчыкі праходзілі ўчастак за ўчасткам, а пры знаходжанні небяспечных прадметаў ставілі над імі сцяжкі, а непасрэдна размініраванне праводзілі дарослыя спецыялісты. Былі і трагічныя выпадкі... Крыўдна сёння Міхаілу Сямёнавічу, што не заслужыў за ўдзел у размініраванні аніякай падзякі ад дзяржавы. Па падліках Міхаіла Герасімава, на фронце загінулі 67 аднавяскоўцаў, аднак у раённай кнізе «Памяць» згадваецца толькі адзін чалавек.
Цяжка і галодна было ў пасляваенныя гады. Скончыўшы толькі 5 класаў, Міша быў вымушаны кінуць школу і пайсці працаваць з бацькам цесляром. Спачатку будавалі цагельны завод, потым школу ў вёсцы Гуркі. У 1949 годзе скончыў у Віцебску аўташколу. Неўзабаве прызвалі ў армію. Тры з паловай гады адслужыў на Поўначы, у Кандалакшы, у самаходнай артылерыі.
Калі вярнуўся на радзіму, быў кіроўцам у міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі, майстрам падсобнай вытворчасці, электрыкам, слесарам, аўтамеханікам у Невельскім раёне, на камбінаце бытавога абслугоўвання ў Езярышчы.
Вось ужо 20 гадоў Міхаіл Герасімаў на заслужаным адпачынку. Жыве разам з жонкай, два сыны-міліцыянеры з сем’ямі – у Санкт-Пецярбургу. Улетку два месяцы пажыў у іх у гасцях у паўночнай сталіцы Міхаіл Сямёнавіч. Сучаснай моладзі раіць не глядзець у кілішак з гарэлкай, а шанаваць старэйшых і больш працаваць. Бо толькі такім чынам можна заслужыць павагу ў людзей і захаваць супакой у сваіх сем’ях.








В ДТП в Витебском районе погибла минчанка, годовалого ребенка спасло автокресло








