Хто будзе ў сям’і «скарбнікам»?
Віцябляне Аляксей і Ксенія Званковы сустракаліся шэсць гадоў, перш чым рашыліся на такі сур’ёзны крок, як шлюб. А дзеля большай надзейнасці сямейнага саюза замовілі народны абрад. У музеі-сядзібе І. Рэпіна «Здраўнёва» яго справілі для маладых салісты народнага ансабля песні і музыкі «Вераснянка».
Па словах загадчыка музея Аляксея Сухарукава, мясціна, звязаная з жыццём і творчасцю славутага мастака, з нядаўняга часу стала абавязковым месцам прыпынку вясельных картэжаў. У адзін з летніх дзянькоў іх налічылі ажно 24! Вось і з’явілася ідэя: калі ў людзей ёсць цікавасць да мінулага, чаго б не прапанаваць правесці вясельны абрад па-старадаўняму. Тым больш што яго ўжо гадоў пяць папулярызуе мазалаўская «Вераснянка». А гэта ж адзін сельсавет.
Першы блін не выйшаў камяком. І традыцыйная «рагатка», і «вароты шчасця» (хто пройдзе пад імі з маладымі, таксама сёлета ажэніцца), і багата чаго іншага спеўна-абрадавага выклікала жывое захапленне ў гасцей свята і, натуральна, саміх маладых. Пад «раздачу» трапіла і маладая пара Андрэя і Ірыны Пухальскіх, якім пашчасціла прыехаць раней за спецыяльна замоўленых маладых. Атрымалі «зерне пад пятку, каб жыццё было ў дастатку, цукеркі, каб жыццё было салодкім, медзь, каб ніколі не хварэць, пялёсткі руж, каб усё жыццё кахаў муж...»
Хочацца верыць, што такія святы стануць традыцыйнымі. Тым больш што, як сцвярджаюць удзельнікі калектыву «Вераснянка», разводаў на іх практыцы пасля народных абрадаў яшчэ не было. Дарэчы, і само слова «развод» на беларускай мове неяк не гучыць. Вам не здаецца?..
P. S. У задумах кіраўніцтва музея-сядзібы і арганізацыя афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу на месцы, і пабудова кавярні ў выглядзе сялянскага двара, дзе маладыя і іх госці змогуць пачаставацца нацыянальнымі прысмакамі.