Рэшткі палаца Свяцкіх прыцягваюць увагу.
У свой час у Беларусі адбывалася актыўная барацьба «с пережитками прошлого», у тым ліку і з назвамі населеных пунктаў, у якіх хтосьці вельмі пільны знаходзіў крамольны падтэкст. Не заставаўся ўбаку і Сенненскі раён. У выніку некаторыя назвы, якія самі па сабе маглі расказаць пра гісторыю вёсак, былі надта закамуфляваныя. Напрыклад, Абідаўка атрымала новае імя Атраднае, Казадоі – Заслонава, Дзяругі – Роднае Сяло, Жабіна – Дабраполле, Звягі – Рошчына, Канец – Арляны, Канстанцінава – Сіманаўка, Торбінка – Партызаны, Карнілавічы – Ударная, Лізуны – Майская, Серакаротня – Лучазарная, Трубаносы – Сінягорская, Чартоўшчына – Рассвет, Худалеі – Рыбнае, Юдзенічы – Савецкая. Апошняя вёска пацярпела з-за сугучча з прозвішчам актыўнага ворага савецкай улады генерала Юдзеніча, які двойчы спрабаваў захапіць рэвалюцыйны Петраград. Дарэчы, генерал-маёр Мікалай Юдзеніч нарадзіўся ў Маскве, але паходзіў з беларускага шляхецкага роду, пачынаў службу ў лейб-гвардыі Літоўскім палку. Магчыма, вёска Юдзенічы-Савецкая мае дачыненне да яго роду.
Сянно
Горад размешчаны на двух узвышшах, падзеленых возерам. Захавалася некалькі пабудоў канца ХІХ-пачатку ХХ ст., у тым ліку і першы кінатэатр. З ХVІ ст. у Сянне стаяў замак (палац уладальніка маёнтка), размяшчаўся на месцы язычніцкага капішча і быў абведзены ровам, праз які да брамы вёў пад’ёмны мост. У 1780 годзе па дарозе з Полацка ў Магілёў на начлег у Сенненскім замку спынілася Кацярына ІІ. У свой дзённік яна запісала: «Дорога между Сенно и Шкловом местами очень живописна и похожа на английский парк».
Галоўнай архітэктурнай дамінантай Сянна з ХVІІІ ст. быў касцёл. Яго белыя сцены і вежы былі відаць здалёк, але храм узарвалі ў 1962 годзе.
Адной з адметнасцей сучаснага горада з’яўляецца крыніца «Каплічка», якая атрымала сваю назву, зразумела, ад каплічкі, што стаяла недалёка ад яе. Напрыканцы 1990-х гадоў мясцовыя ўлады добраўпарадкавалі крыніцу: паставілі кольцы, вакол іх узвялі паўкруглы будынак. У вадзе багата серавадароду і надта мала жалеза. Па выхадных ля крыніцы збіраюцца чароды машын. Ваду набіраюць у пляшкі, вёдры, каністры. Выкарыстоўваюць яе не толькі для наталення смагі, але і прыгатавання ежы, кансервавання.
Рай
Калі некаму свярбела абсалютна нейтральная назва вёскі Канстанцінава і яе перайменавалі ў Сіманаўку, то дзіўна, якім неверагодным чынам на Сенненшчыне захаваўся населены пункт Рай. Хоць, як кажуць месцічы, «камуністаў у нас было па адным у кожнай хаце». Дзеля справядлівасці адзначым, што слова «рай», апроч біблейскага, мае яшчэ некалькі значэнняў. У старажытных славянскіх мовах яно азначала і гул, і шум, і рэха, і багацце, і шчасце, і прыгожае месца. А згадаем беларускі дзеяслоў «раіць»… Магчыма, менавіта гэта дапамагло захаваць назву.
Да рэвалюцыі тут жыў пан, відаць, багаты, бо часта ездзіў на двух парках коней у Смальяны «на нарады». Канешне, наўрад ці ў дарэвалюцыйных землеўладальнікаў былі вытворчыя нарады. Хутчэй за ўсё, проста ездзіў баляваць да гаспадароў Смальянскага замка. На былой панскай сядзібе можна ўбачыць сляды старога парку. Напрыклад, тут растуць канадскія клёны такой таўшчыні, што і ўдваіх абхапіць цяжка. Своеасаблівае дрэва пазнання.
Назва вёскі спрыяе розным кур’ёзам, якія адбываюцца з жыхарамі Рая. У сярэдзіне 1990-х гадоў месцічы ў складзе дэлегацыі сельгаспрадпрыемства паехалі на канцэрт «Славянскага базару». У Віцебск прыбылі загадзя. Каб не згубіцца ў фестывальным натоўпе, хадзілі па горадзе па-вясковаму, гуртам, «збіўшыся ў кучу, як тыя цяляты». Да канцэрта заставалася яшчэ шмат часу, таму вырашылі купіць закускі на дарогу назад. Не ехаць жа «насухую». На адным з прылаўкаў убачылі маласольныя гуркі. Падышлі гуртам, акружылі прылавак.
– Адкуль вы такія дружныя? – пацікавілася прадаўшчыца.
– З Рая, – адказалі пакупнікі.
Прадаўшчыца не паверыла, што ёсць вёска з такой назвай, і вырашыла: з яе смяюцца.
А ў сярэдзіне 2000-х гадоў наша калега была ў гэтых мясцінах у рэйдзе з міліцыянерамі. Выяўлялі самагоншчыкаў. І вось па дарозе ім трапіўся п’яны з пляшкай самагонкі ў руцэ.
– Дзе ўзяў, – пытаюцца міліцыянеры.
– Знайшоў на дарозе, калі ішоў з Рая.
Рай, бадай, адзіная вёска на Віцебшчыне, дзе няма дарожных указальнікаў з назвай населенага пункта. А ўсё таму, што вывешваць іх няма ніякага сэнсу (хоць і спрабавалі): ахвочыя адразу зрываюць іх на сувеніры. Надта ж прывабная назва.
Купаваць
Недалёка ад Рая знаходзілася вёска Купаваць. Падчас вайны тут размяшчаўся штаб партызанскай брыгады Канстанціна Заслонава. 14 лістапада 1942 года карнікі акружылі партызан. У няроўным чатырохгадзінным баі многія загінулі, у тым ліку і камандзір.
Некалькі гадоў назад улады Сенненшчыны ўзнавілі некаторую інфраструктуру ваеннага часу. Так што цяпер маладому пакаленню можна зазірнуць у зямлянкі і паглядзець, у якіх умовах жылі народныя мсціўцы, змагаючыся з ворагам.
Шыркі
У Беларусі цяжка знайсці чалавека, які не ведаў бы імя Пятра Міронавіча Машэрава. Ён нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Шыркі. У сям’і было восем дзяцей, і толькі пяцёра выжылі. У 1939 годзе скончыў Віцебскі педінстытут, да пачатку вайны працаваў настаўнікам матэматыкі і фізікі ў Расонах. Быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Беларусі. У 1944-м уганараваны званнем Герой Савецкага Саюза. З 1965-га быў першым сакратаром ЦК КПБ. Жыццё Пятра Машэрава трагічна абарвалася 4 кастрычніка 1980 года ў аўтакатастрофе.
У Шырках, дзе стаяла хата Машэравых, устаноўлены памятны знак.
Ходцы
Гэты населены пункт знаходзіцца паміж двух маляўнічых азёр – Ходцы і Ліпна. А калі праехаць кіламетры тры на поўнач, то можна трапіць у Бешанковіцкі раён і ўбачыць возера Саро. Яно знаходзіцца ў катлавіне, схілы якой дасягаюць 25 м. Вадаём мае яшчэ адну адметнасць: пры даўжыні 9,41 км яго шырыня не перавышае 900 метраў. Афіцыйна Саро займае ў Беларусі восьмае месца па глыбіні (36,3 м). Але ёсць скептыкі, якія не вераць даследаванням і сцвярджаюць, што па глыбіні Саро можа пераўзыходзіць лідара – возера Доўгае Глыбоцкага раёна (53,6 м). Як бы ні было, але калі пераплываеш гэты «каньён» на чоўне і глядзіш у цёмную бездань вады, душа трымціць.
У Ходцах ёсць унікальны археалагічны аб’ект – курганны могільнік. Яго адметнасць у тым, што размешчаны непасрэдна на вясковых кладах. Усяго тут пяць курганных насыпаў, адзін з іх можна бачыць прама ад дарогі Віцебск – Сянно. Ад сівой даўніны да канца першага тысячагоддзя нашы продкі практыкавалі пахавальны абрад – трупаспаленне: спачатку за межамі кургана, потым – на месцы насыпу. Рэшткі крэмацыі змяшчалі на падсыпцы ў гаршку альбо ў выкапанай ямцы. Прах колькіх продкаў пахаваны ў кожным з курганоў, сказаць немагчыма. Грунт у іх пясчана-попельнага колеру.
Машчоны
Рэшткі старога млына на рацэ Бярозка міжволі прыцягваюць увагу праезджых па дарозе на Сянно. У ХІХ ст. будавалі яго сяляне пана Сандрагайлы. Тут жа і цэглу выраблялі. Па словах старажылаў, млын працаваў ці не да канца 1940-х гадоў. Пазней кіраўніцтва калгаса дазволіла людзям разабраць яго на цэглу, але якасны раствор не паддаўся.
Панскі маёнтак стаяў на месцы сучаснай школы. Недалёка – брацкая магіла савецкіх воінаў, побач з ёй – рэшткі склепа, дзе быў пахаваны пан Сандрагайла. Цікава, што сын пана пасля рэвалюцыі пераехаў у Віцебск і працаваў інжынерам. У першыя гады савецкай улады ён не пацярпеў за сваю класавую прыналежнасць, бо быццам бы разам вучыўся з самім Леніным.
У рускай мове ёсць выраз: «Нет ни шиша». Магчыма, ён з’явіўся дзякуючы падзеям, што адбываліся на Сенненшчыне падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй (1654-1667 гг.). Людзей, што тады ішлі ў лясы і аказвалі супраціўленне, называлі шышамі. Аляксей Сапуноў у сваёй вядомай рабоце «Витебская старина» друкуе даклады ваяводаў Мікіты Бабарыкіна і Пятра Даўгарукага з Віцебска ў Маскву. У іх паведамляецца, што «воровские козаки», многія людзі і мужыкі з сёл стаяць у Машчонскай воласці пад кіраўніцтвам былога ротмістра Віцебска Александра Юндзіла, полацкага шляхціча Казіміра Храпавіцкага, казацкага сотніка Шалепіна, віцебскага шляхціча Яна Янушкоўскага. Супраць шышоў стральцы перыядычна праводзілі спецаперацыі. У прыватнасці, разарылі лясныя станы пад Бікавам, Машчонамі, Гарадцом. Цалкам верагодна, што пасля гэтых поспехаў стральцы дакладвалі свайму начальству: «Нет ни шиша».
Беліца
Пра Беліцу (сучасная назва Полымя) мы пісалі ў адным з выпускаў «Віцебшчына турыстычная». Але нагадаем, што ў пачатку ХХ ст. гэта быў адзін з самых перадавых маёнткаў Беларусі. Напрыклад, на сельскагаспадарчай выставе ў Мінску ў 1901 годзе ўладальнік гаспадаркі Карл Свяцкі прадставіў 40 відаў прадукцыі ў прамысловым і харчовым аддзелах. Пасля рэвалюцыі тут быў заснаваны саўгас «Полымя». Напрыканцы 1980-х па ініцыятыве тагачаснага першага сакратара райкама КПБ Мікалая Дамашкевіча (цяпер з’яўляецца памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўным інспектарам па Віцебскай вобласці) у гаспадарцы пачалі вырабляць чыпсы. Гэты ласунак з бульбы быў ці не першым на Беларусі і даволі папулярным сярод пакупнікоў.
У снежні 1903 года ў маёнтак Беліца прыехаў 21-гадовы Іван Луцэвіч, будучы народны паэт Беларусі Янка Купала. Спачатку ён уладкаваўся на працу ў канторы, а потым атрымаў пасаду малодшага прыказчыка. З-за хваробы маці юнак быў вымушаны з’ехаць адсюль вясной 1904 года. Тут ён напісаў верш «Мая доля», а налета паэт склаў знакамітага «Мужыка», дзе лірычны герой наракаў на свой лёс: «бо я мужык, дурны мужык». Магчыма, Я. Купалу натхнілі і назіранні за жыццём мясцовых «паноў сахі і касы».
У Беліцы-Полымі захаваліся рэшткі палаца і парку Свяцкіх, а таксама шматлікія панскія гаспадарчыя пабудовы.
Варта паглядзець!
P.S. Арнамент на Дзяржаўным сцягу Беларусі створаны на аснове ўзору «Узыходзячае сонца», вытканага ў 1917 годзе Матронай Маркевіч, сялянкай вёскі Касцялішча Сенненскага павета.