Шмат гадоў праязджаю праз Ходцы Сенненскага раёна на радзіму бацькоў і не ведаў, што літаральна ў некалькіх дзесятках метраў ад дарогі знаходзіцца цікавы і па свойму ўнікальны археалагічны аб’ект – курганны могільнік. Падчас чарговай службовай камандзіроўкі на Сенненшчыну даведаўся пра гэта ад начальніка мясцовага ўчастка ЖКГ Ігара Ігнатава. Нядаўна адзін з суботнікаў ходцаўскія камунальнікі вырашылі прысвяціць добраўпарадкаванню старажытнага могільніка. Усяго тут пяць курганных насыпаў. А парадак наводзіць пачалі з таго, што бліжэйшы да аўтадарогі Віцебск – Сянно.
Як сведчыць «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі», звычай хаваць нябожчыкаў у курганах склаўся на нашых землях на мяжы III і II тысячагоддзяў да н. э. На Беларусі выяўленыя асобныя курганы і курганныя могільнікі належаць усходнеславянскім плямёнам, славяна-балцкаму насельніцтву, балтам, а найбольш старажытныя – плямёнам сярэднедняпроўскай культуры. Вядомы яны пад назвамі – курганы, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія або шведскія магілы. Да канца I тысячагоддзя н. э. практыкаваўся пахавальны абрад трупаспалення, у ХI-ХIII стагоддзях – трупапалажэння. Больш ранняе трупаспаленне адбывалася па-за межамі кургана, пазней на месцы насыпу. Рэшткі крэмацыі змяшчалі на падсыпцы, на гарызонце, у гаршку ці выкапанай ямцы.
Прызнацца, калі чую, што таму ці іншаму населенаму пункту споўнілася 500, 600 ці нават 1000 гадоў, заўсёды ўзнікае пытанне: няўжо раней тут не жылі людзі? Вядома ж, жылі, вось толькі дата заснавання населенага пункта бярэцца гісторыкамі ад першай згадкі ў пісьмовых крыніцах. І гэта правільна, а так бы ці мала хто што напрыдумваў. Адно шкада, што пісьменства на Беларусі пачало распаўсюджвацца толькі ў Сярэднявеччы...
Курганны могільнік у Ходцах унікальны тым, што знаходзіцца на сучасных вясковых кладах. Такім чынам ён сведчыць пра тысячагадовую традыцыю хаваць нябожчыкаў менавіта ў гэтым месцы. Такая вось повязь часу.
Прах колькіх продкаў пахаваны ў гэтым кургане, сказаць немагчыма. Але грунт у ім пясчана-попельнага колеру. Пра гэта сведчаць дзве выкапаныя ў кургане ямы.
– Некаторыя людзі з-за свайго няведання бяруць з кургана «пясочак» на падсыпку магіл родных, – с жалем гаворыць І. Ігнатаў.
Гэты здымак мы зрабілі, калі камунальнікі толькі спілавалі дрэвы, што тут раслі. Цяпер курган выглядае інакш, і на ім квітнеюць ландышы-самасейкі, быццам прырода спецыяльна паклапацілася, каб мы захоўвалі памяць аб далёкіх папярэдніках.