«Ад Настачкі да Барабулі за пяцьдзясят год» – такую назву мае падарунак, падрыхтаваны да юбілейнага дня нараджэння і 50-годдзя творчай дзейнасці на коласаўскай сцэне артысткі, асістэнта рэжысёра Людмілы Заграбельнай. Юбілейны вечар адбудзецца 22 лютага а 19 гадзіне на камернай сцэне ў жанры тэатральнага капусніка і ўспамінаў.
З вялікім хваляваннем рыхтуюцца творцы да гэтай імпрэзы, бо гледачы, якія прыйдуць на свята, – даўнія аматары Коласаўскага тэатра. Яны добра памятаюць Людмілу Заграбельную ў яе зорных ролях: Алёнушка з «Пунсовай кветачкі», Настачка з «Несцеркі». З узростам артыстка перайшла на характарныя ролі, трапілася на яе творчым шляху і драматычная – Зінаіда Сямёнаўна са «Старога дома». А цяпер у рэпертуары – вясёлая, няўрымслівая Усця з камедыі «За двума зайцамі», злосная вядзьмарка Барабуля з казкі «Вядзьмарка і Дыназаўрык», сімпатычны Зайка з «Навагодняга прадстаўлення».
І яшчэ – адказнасць за кожны спектакль, які іграецца на сцэне тэатра імя Якуба Коласа, бо Людміла Аляксандраўна Заграбельная – гаспадыня закуліснага памрэжаўскага пульта. Да гэтых сваіх абавязкаў актрыса ставіцца з адказнасцю, але бываюць і маленькія казусы. Гэта таксама стане адной з тэм тэатральнага капусніка «Ад пульта памрэжа».
Уявіце: вы пражылі ў адной сям’і 50 год. Як захаваць прыстойнасць, не сапсаваць адносіны з калегамі, калі ты не толькі артыст, а яшчэ і наглядальнік і арганізатар творчага працэсу? Вось пра гэта гледачы даведаюцца з выступленняў коласаўцаў, якія памятаюць усё, бо даўно сталі членамі адной «сямейкі».
Л. Заграбельная абавязкова прыгадае ў гэты вечар свае любімыя ролі. З ёй на сцэну выйдуць не толькі былыя партнёры па спектаклях, але і прадстаўнікі маладога пакалення.
Народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс паспрабуе ўявіць сябе дачным суседам Людмілы Заграбельнай па кааператыве «Лучынаўка», а харэограф Марына Бабкова прадставіць у якасці падарунка нумар у суправаджэнні раманса на словы Марыны Цвятаевай «Не отрекаются любя».
«Як бязлітасна хутка бяжыць час…» – так пачнецца фінальны маналог імянінніцы. І сапраўды, здаецца, зусім нядаўна цяжарную маці Людмілы тэрмінова эвакуіравалі з Віцебска ў Башкірыю (г. Ішымбай), дзе ў лютым 1942 года нарадзілася Людачка. У 1948-м сям’я вярнулася ў родны Віцебск. Бацька прапаў без вестак. Людмілу і яе брата Барыса гадавала маці з айчымам. Цяпер яна сама маці дзвюх ужо дарослых дачок. Жыццё працягваецца. І галоўнае, што ў гэтай таленавітай жанчыны, актрысы, маці, бабулі – добрая душа, любімая прафесія, утульны дом і верныя сябры.