Нядаўна ўнікальная традыцыйная тэхналогія выпечкі жытняга хлеба, якой валодае Сцепаніда Лупач (на фота ўверсе) з Глыбоцкага раёна, уключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Па слядах гэтай навіны мы звязаліся з вёскай Дзеркаўшчына.
С. Лупач сцвярджае, што рэцэпт выпечкі хлеба ў іх родзе перадаваўся ад пакалення да пакалення на працягу апошніх 200 гадоў. У чым яго галоўны сакрэт?
– Па-першае, трэба добра вымесіць цеста, – кажа гаспадыня. – Зараз многія налаўчыліся выпякаць хлеб па-сучаснаму. Дабаўляюць дрожджы, штучныя інгрэдыенты, пякуць у мікрахвалёўцы, спецыяльнай хлебапечцы. Кажуць, смачна. Але матуля нас навучыла рабіць яго ў печы без дражджэй, на рошчыне. Праўда, гэта складаней, ды і часу траціцца больш. На першым бохане абавязкова раблю крыжык, таму і атрымліваецца на радасць. Падовы хлеб пяку на лістах клёна, аеру, дуба.
А яшчэ Сцепаніда Аляксандраўна ўмее пячы хлеб з салам, які называе «бутэрбродам». Паміж слаёў цеста кладзе кавалачкі сала, якое потым запякаецца. Апетытна, смачна.
Нарадзілася С. Лупач у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы нейкі час працавала на цагельным заводзе. У 20 гадоў прыехала на Глыбоччыну да сястры Таццяны ў госці. Ёй спадабаліся прыгожыя краявіды, ветлівыя мясцовыя жыхары. Вось і вырашыла застацца. Адной з першых пакупак была дзежка для прыгатавання хлеба.
Сцепаніда Аляксандраўна працавала ў Тумашаўскім сельсавеце, магазіне, атрымала ў Полацку дыплом таваразнаўцы прамысловых і харчовых тавараў. Пакуль дзеткі, а іх у сям’і трое, былі малыя, жанчына часта мяняла месцы працы. Была загадчыцай клуба, поварам у школе, дзіцячым садзе.
– З цягам часу, – узгадвае яна, – мода на дамашні хлеб прайшла. І вось аднойчы, тады я працавала загадчыцай клуба-бібліятэкі ў Заваротах, былы начальнік аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама Марыя Паляк сказала, што на выставу нацыянальнай кухні «Беларускія прысмакі» трэба спячы хлеб. Прыйшла дадому і ўзялася за справу. Аказалася, што з гадамі навыкі не страціла. З таго часу і пяку.
Знатакоў дамашняга хлеба, як сцвярджае С. Лупач, на Глыбоччыне не злічыць. Сярод іх і старшыня райвыканкама Алег Морхат, і кіраўнікі мясцовых гаспадарак. Сцепаніда Аляксандраўна выпякала каравай да Дня беларускага пісьменства ў Глыбокім, для выстаў народнай творчасці, сустрэчы замежных гасцей, напрыклад, удзельнікаў Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат». Настаяцель глыбоцкага сабора Раства Прасвятой Багародзіцы нават адвёз некалькі боханаў у Іерусалім. Асвяціўшы іх каля Гроба Гасподняга, раздаў вернікам.
Па словах метадыста раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама Наталлі Нікіфаровіч, Сцепаніду Лупач часта запрашаюць на семінары, творчыя вечарыны, сустрэчы з народнымі майстрамі.
Дзякуючы таму, што яе тэхналогія прызнана нематэрыяльнай культурнай спадчынай Беларусі, магчыма, у хуткім часе ў Дзеркаўшчынскай школе будзе створаны факультатыў па вывучэнні прыгатавання мясцовых страў, пры Цэнтры культуры ці бібліятэцы
з’явіцца экспазіцыя, прысвечаная гэтай тэме. Ёсць задума правесці ў вёсцы фэст традыцыйнай кухні Глыбоччыны.
Застаецца дадаць, што ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў таксама ўключана і тэхналогія прыгатавання стравы «Масляны баран». Робяць яе у вёсцы Мацюкова Глыбоцкага раёна. З дамашняй смятаны Тэрэса Струй (на фота ўнізе) разам з дачкой Марынай Хрол збіваюць масла, з якога потым мадэлююць «барана» з густой, кучаравай воўнай, васковымі рожкамі. Да таго ж Тэрэса Янаўна па старадаўніх рэцэптах вырабляе клінковы сыр, тварог, рулі, драныя бліны з мясам (пыжы).
Умелых, здольных людзей на Глыбоччыне шмат. А гэта азначае, што праславяць яны свой край яшчэ не раз.