Выступае вакальная група «Азерыца» Езярышчанскага ДК.
У дамах культуры і сельскіх клубах Гарадоцкага раёна зараз праходзіць штогадовы агляд-конкурс «Гарадоцкая скарбонка».
Свае творчыя набыткі прадстаўляюць калектывы мастацкай самадзейнасці, драматычныя, вакальныя, танцавальныя гурткі, аматарскія аб’яднанні, створаныя пры мясцовых асяродках культуры, а такіх у раёне каля трыццаці. І за ўсім гэтым, апрача шматлікіх гледачоў, назірае строгае журы, у якое ўваходзяць прадстаўнікі аддзела культуры райвыканкама і раённага метадычнага цэнтра.
У мінулыя выхадныя такія агляды прайшлі ў Бычысе, Халамер’і, Віроўлі, Обалі і Езярышчы. Паўнюткая зала Дома культуры, яркія выступленні выхаванцаў дзіцячага дома, музычнай школы, дарослых «гурткоўцаў» – усё гэта стварала атмасферу сапраўднага свята ў Езярышчы. Свае музычныя і вакальныя дадзеныя прадэманстраваў і дырэктар Сяргей Кірэеў, які, дарэчы, сёлета адзначае 35-годдзе творчай дзейнасці. А ў сярэдзіне красавіка ў Гарадку пройдзе фінальны канцэрт «скарбонкі», на які будуць запрошаны лепшыя калектывы раёна.