Магчымасць рэальнага падарожжа ў часе падарыў відавочцам другі фестываль сярэднявечнай культуры «Рубон» – адзін з найбольш каларытных праектаў, прысвечаных 1147-годдзю Полацка. Арганізатарам фестывалю пры падтрымцы гарвыканкама выступіў тэатр гістарычнага касцюма «Полацкі звяз». На адкрыцці свята яго ўдзельнікаў з розных гарадоў Беларусі вітаў мэр Полацка Уладзімір Тачыла.
Два дні ў горадзе панаваў дух Сярэдневечча. Тэрыторыю Верхняга замка вакол Сафійскага сабора абжылі ўдзельнікі шматлікіх клубаў гістарычнай рэканструкцыі: рамеснікі, лучнікі, рыцары і іх цудоўныя паненкі, апаранутыя ў прыгожыя строі адпаведнай эпохі.
Праграма фестывалю ўключала шматлікія відовішчы і забавы: можна было павучыцца старажытным танцам, урокі якіх давалі сябры гісторыка-культурнага клуба «Княжыч», сфатаграфавацца з катам, які за сімвалічную плату імітаваў адсячэнне галавы ці пакаранне калодкамі (на здымку), а потым завітаць на кірмаш, дзе прадавалася тое, чаго не купіш у сучасных крамах. Амулет ці пярсцёнак з заклінаннем тут каштаваў 7-10, бранзалет – 14, плецены пояс – 40 тыс. руб., а меч – ад 300 тысяч рублёў да 300 долараў.
Найбольшую ўвагу прыцягнулі, вядома ж, рыцарскія турніры. Двубоі выяўлялі самых моцных, а потым змяняліся каманднымі спаборніцтвамі – бугуртамі.
На асобнай пляцоўцы спаборнічалі лучнікі. Сярод іх вылучаліся прыгажуні-вайтоўны, што валодалі старажытнай зброяй не горш за мужчын. Пасля турніру пастраляць з лука дазвалялася ўсім жадаючым.
На другі дзень фестываль перамясціўся ў мікрараён Запалоцце. Яго кульмінацыяй стала грандыёзнае шоу з фарсіраваннем ракі Палата і штурмам замка, які ўзвялі навучэнцы полацкага ліцэя будаўнікоў. Грымела сярэднявечная артылерыя, у праціўнікаў ляцелі падпаленыя стрэлы, ваяры рашуча кідаліся ў бой... Палачане адбівалі атаку войскаў Тэўтонскага ордэна, якія спрабавалі ўварвацца ў замак.
Прадстаўнікі мінскага клуба «Унія», што выступілі ў ролі нямецкіх рыцараў і па сцэнарыю прайгралі, адзначылі, што гэтым не засмуціліся. Бо з аднаго і з другога боку былі сябры, якія ў клубах гістарычнай рэканструкцыі займаюцца агульнай справай.
Па словах намесніка старшыні гарвыканкама Мікалая Ільюшонка, рэалізацыя праекта абавязкова будзе працягвацца. Фестываль выклікае вялікую цікавасць у палачан і гасцей горада, спрыяе прыцягненню ў Полацк турыстаў.