Бігосаўскія прысмакі.
На абласным свяце нацыянальных культур «Нас з’яднала зямля Беларусі», якое нядаўна прайшло ў Міёрах, прадстаўнікі 15 нацыянальнасцей з 17 раёнаў Віцебшчыны прэзентавалі сябе ў некалькіх намінацыях: народныя рамёствы, кухня, песні, танцы, жарты. Зранку ўвішныя гаспадыні выставілі ў фае раённага Дома культуры адмыслова прыгатаваныя нацыянальныя стравы.
Як паведаміла Крысціна Білян, прадстаўніца народнага клуба «Хаш» з вёскі Гомель Полацкага раёна, паводле армянскіх традыцый на стале абавязкова павінны быць лаваш, сыр, зеляніна, а таксама гранат. Яго зярняты ратавалі людзей ад голаду падчас турэцкага праследавання ў 1914-1915 гадах. Таму гранат у армян лічыцца своеасаблівым сімвалам жыцця. На выставе-дэгустацыі таксама можна было пакаштаваць шмат рознага смакоцця азербайджанскай, узбекскай, таджыкскай і іншых кухняў.
На вышыні аказаліся і народныя майстры. Усеагульнае захапленне, напрыклад, выклікалі вышытыя ніткамі і бісерам іконы гуртка ўкраінскай народнай вышыўкі «Берагіня», які дзейнічае пры віцебскай грамадскай арганізацыі ўкраінцаў і якім кіруе Надзея Петрушко. Наведвальнікам выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва здавалася, што Маці Божая пранікліва пазірае з абраза менавіта на іх.
А грандыёзны канцэрт, у якім удзельнічалі 10 калектываў мастацкай самадзейнасці і 28 выканаўцаў у нацыянальных строях, даў падставу таму-сяму з гледачоў параўнаць яго са «Славянскім базарам» у мініяцюры. Убачанае на абласным свяце пераконвае: Віцебшчына будзе годна прадстаўлена на VIII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які пройдзе ў чэрвені наступнага года ў Гродне.