
У мінскай галерэі «Свет фота» днямі адкрылася выстава віцебскага фотамастака Ігара Барсукова. Рэтраспектыва, складзеная з 50 здымкаў, прадстаўлена пад назвай «Фатаграфія 1969-2009 гг.» і ўяўляе сабой выбранае са зробленага ім за гэты перыяд.
На адкрыцці выставы старшыня мастацкага савета галерэі вядомы фотамастак Юрый Васільеў адзначыў: «З Ігарам Барсуковым мы знаёмы з 1989 года, з таго часу калі збіралі ўстановачны з’езд будучага беларускага фотааб’яднання. Ужо тады я заўважыў, што гэта цікавы аўтар, выдатны творца».
Усяго некалькі месяцаў таму Ігар Барсукоў прымаў віншаванні з 60-годзем і выставай у Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва. І вось яшчэ адна значная падзея, яшчэ адна персанальная выстава ў Мінску.
Усё сваё жыццё Ігар Барсукоў займаўся стужкавым, аналагавым фота, доўгі час пераважна чорна-белым. Зробленыя ў розныя часы здымкі – своеасаблівая мастацкая дакументалістыка. Вельмі важнымі для твораў Ігара Барсукова застаюцца легенда, асацыятыўны падтэкст, якія нібыта суправаджаюць фотаздымкі. Мастаку недастаткова звычайнага рэпартажнага зместу, ён шукае сацыяльную фенаменальнасць падзеі, імкнецца падкрэсліць яе сэнс, выдзеліць характарны тыпаж.
Ігар Барсукоў шчыра і ўзнёсла апявае сваю зямлю, прыгажосць беларускай прыроды, каханне, услаўляе гераізм абаронцаў Айчыны. Ён заўважае тонкасць пачуццяў і ілжывы пафас, аголеныя нервы натоўпу і прадчуванне экалагічнай катастрофы, застарэлыя хваробы грамадства і многае, многае іншае... Значнае месца ў творчасці І. Барсукова займаюць пейзажы, архітэктура Віцебска, індывідуальныя і групавыя партрэты.
Ігар – карэнны віцяблянін. Фатаграфаваннем захапіўся ў 14 гадоў. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, працаваў фатографам ў сістэме бытавога абслугоўвання насельніцтва, у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Прымаў удзел у фотавыставах у Літве, Балгарыi, Германіі, Расіi, Польшчы, Эстоніі.
Выстава Ігара Барсукова, на жаль, з’яўляецца апошняй выставай галерэі «Свет фота», якая вымушана спыніць сваю дзейнасць. Беларускае грамадскае аб’яднанне «Фотамастацтва», па-сутнасці, застаецца без экспазіцыйнай пляцоўкі ў Мінску. А можа, час прыспеў падумаць пра фотагалерэю ў Віцебску?








В ДТП в Витебском районе погибла минчанка, годовалого ребенка спасло автокресло








