
Пад такой назвай днямі ў абласной бібліятэцы прайшла творчая вечарына, прымеркаваная да юбілею члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата абласной літаратурнай прэміі імя У. Караткевіча Вольгі Русілкі (на фота).
Яна родам з Гродзеншчыны, дачка беларускай паэткі Любові Русілкі. Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта жыве і працуе ў Віцебску. Зараз – кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускай літаратуры ВДУ імя П. Машэрава. Аўтар трох зборнікаў. Апошні выйшаў нядаўна ў абласной друкарні. Назва яго – «В. І. Р.» – азначае не толькі ініцыялы Вольгі Іванаўны Русілкі, а і паэтычны вір падзей, пачуццяў, эмоцый. Тут змешчаны вершы, пераклады, лірычныя мініяцюры.
Удзельнікі вечарыны – літаратары, калегі па працы, студэнты і іншыя аматары творчасці гэтай паэткі – апладзіравалі новым яе радкам і ранейшым. Галоўныя тэмы творчасці В. Русілкі – чалавек і свет, роднае слова, каханне, любоў да роднай зямлі. Гучалі песні і рамансы на словы В. Русілкі, аўтар музыкі да якіх – віцебскі самадзейны кампазітар Надзея Несцярэнка: «Я хачу навучыцца лятаць», «Дарога дадому», «Мая маленькая радзіма», «Такі талан».
Старшыня абласнога аддзялення СПБ Тамара Краснова-Гусачэнка прачытала свае пераклады твораў Вольгі Русілкі на рускую мову. Сатырык Міхась Мірановіч павесяліў прысутных пародыямі на вершы віноўніцы ўрачыстасці. Вольгу Іванаўну віталі паэты Алег Салтук, Давід Сімановіч, Уладзімір Папковіч, празаік Сяргей Рублеўскі, актрыса тэатра імя Я. Коласа Раіса Грыбовіч і іншыя.
Паэтка ў росквіце сваіх творчых сіл. У хуткім часе свет пабачыць яшчэ адзін яе зборнік.








В ДТП в Витебском районе погибла минчанка, годовалого ребенка спасло автокресло







