У Полацкай цэнтральнай бібліятэцы імя Скарыны адкрылася выстава геральдычных сімвалаў Віцебшчыны, якая адразу прыцягнула ўвагу наведвальнікаў.
Па дарозе ў Верхнядзвінск, Лепель ці Бешанковічы нас сустракаюць геральдычныя сімвалы гэтых паселішчаў. Яны – своеасаблівыя візітныя карткі населеных пунктаў, у якіх зашыфравана іх непаўторная аблічча. Гербы дапамагаюць нам адчуць гістарычную знітаванасць з продкамі, напоўніць сэрца гонарам за родны край і аб’яднацца ў пачуцці любові да сваёй зямлі. А таму вывучаць геральдычную спадчыну – справа цікавая і карысная.
Пра ўсё гэта на ўрачыстым адкрыцці выставы гаварыў загадчык аддзела па архівах і справаводству галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Сяргей Рублеўскі (на фота).
– Нам прыемна, – сказаў Сяргей Васільевіч, – што кіраўніцтва вобласці па-гаспадарску ставіцца да гістарычнай спадчыны і ўспрымае геральдыку як вельмі важную складніцу свядомасці грамадства.
Ён распавёў, што першыя гербы ўзніклі ў другой палове 12 ст. у Заходняй Еўропе і былі неад’емнай часткай вобразу старажытных рыцараў. Зразумець мову рыцарскіх сімвалаў шырокай публіцы дапамагалі герольды-абвяшчальнікі. Спачатку яны трымалі свае веды ў памяці, а потым занатоўвалі на паперы. Урэшце герольды і сталі стваральнікамі навукі геральдыкі, якая лічыцца цывілізацыйным дасягненнем Еўропы. Адзін з першых гербоўнікаў датуецца 1300 годам і захоўваецца ў Германіі.
У нашай краіне геральдычныя сімвалы заносяцца ў адмысловы Гербавы матрыкул. З 2002 года іх зацвярджае выключна кіраўнік дзяржавы, а дакументы для кожнага праекта ўказа Прэзідэнта рыхтуюць архіўныя службы.
Вынікам вялікай даследчай працы архівістаў нашай вобласці стала ўнікальная (упершыню выдадзеная) кніга «Геральдычны вянок Віцебшчыны», аўтарамі якой з’яўляюцца Уладзімір Адамушка, Марына Елінская і Сяргей Рублеўскі. Выстава геральдычных сімвалаў, што спачатку экспанавалася ў Віцебску, а цяпер у Полацку, – працяг асветніцкай дзейнасці супрацоўнікаў аддзела па архівах і справаводству.
І выстава, і кніга – выдатны падарунак усім, хто цікавіцца гісторыяй Радзімы, шануе сваю спадчыну. Адметных кветак у геральдычным вянку Віцебшчыны з цягам часу будзе прыбаўляцца, бо ўсё болей населеных пунктаў хочуць займець свае непаўторныя сімвалы.