У аграгарадку Друя Браслаўскага раёна адбылася прыемная падзея. Афіцыйна адчынены адрамантаваны будынак сельсавета і іншых устаноў, які стаў сапраўдным упрыгажэннем населенага пункта, што сёлета адзначае 625-годдзе.
Тут размясціліся не толькі сельвыканкам, але і бібліятэка, комплексны прыёмны пункт і аддзяленне Беларусбанка. Створаны добрыя ўмовы як для работнікаў усіх службаў, так і для наведвальнікаў. У 77 населеных пунктах Друеўскага сельсавета жывуць 2095 чалавек, у самім аграгарадку – 1137.
Некалі ў гэтым будынку размяшчаўся КБА. Потым ён 12 гадоў пуставаў, разбураўся. У 2007 годзе па ініцыятыве мясцовай улады вырашана было ўзяцца за рамонт. Але ў той час з-за недахопу фінансаў мала што ўдалося зрабіць: ачысцілі памяшканне ад хламу, адрамантавалі дах. Асноўныя сродкі былі ўкладзены па праграме адраджэння і развіцця вёскі, калі ў Друі стваралі аграгарадок. І вось літаральна за два гады будынак, які, здавалася, яшчэ нядаўна быў кандыдатам на знос, змяніўся да непазнавальнасці.
Ва ўрачыстасці адкрыцця ўдзельнічаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў. Разам са старшынёй райвыканкама Пятром Гішкелюком і старшынёй райсавета Нінай Пучынскай (на фота) яны перарэзалі сімвалічную стужку. І кожны сказаў колькі слоў з нагоды важнай для мясцовых жыхароў падзеі.
– Сёння амаль усе адміністрацыйныя будынкі сельвыканкамаў у Браслаўскім раёне набылі сучасны выгляд, – зазначыў А. Ацясаў. – Не сорамна ўладзе, калі сюды зойдзе вясковец ці замежны грамадзянін, тым больш, што раён прыгранічны. Такія аб’екты сапраўды павышаюць імідж мясцовай улады. І гэта прыемна.
Па словах П. Гішкелюка, такі добры вынік стаў магчымым дзякуючы агульным намаганням аблвыканкама, аблсавета дэпутатаў, раённай улады. З розных крыніц у рамонт адміністрацыйна-сацыяльнага аб’екта ўкладзена больш за 1 млрд. рублёў. Праўда, работы пакуль не завершаны. Спатрэбіцца яшчэ 300-400 млн. на заканчэнне рамонту і добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Прыемна ўразіла і бібліятэка. Ёсць прасторная чытальная зала, дзіцячы абанемент, у асобным пакойчыку аформлены этнаграфічны куток, усюды добрая мэбля. У бібліятэцы абслугоўваюцца каля 900 чытачоў, амаль 200 з іх – дзеці.
Павіншаваць з такой падзеяй сельвыканкам прыйшлі дырэктар КУСП «Друйскі» Аляксандр Бялюн, які, дарэчы, у свой час распачынаў гэту будоўлю, кіраўнік ЦБП Беларусбанка Сяргей Давыдаў. Свае падарункі ўручылі старшыні Друеўскага сельвыканкама Алене Мядзіль прадстаўнікі раённай улады і яе калегі – старшыні сельвыканкамаў раёна.