21 чэрвеня, Шуміліна /Уласн. інф./. 24-25 чэрвеня ў г.п. Обаль Шумілінскага раёна пройдзе раённае экалагічнае свята “Обальскае балота – жамчужына Паазер’я”. Свята праводзіцца другі год і абяцае стаць традыцыйным.
Сёлета ў праграме шматлікія навуковыя, пазнавальныя мерапрыемствы, вялікая забаўляльная праграма.
Першы дзень, 24 чэрвеня, пачнецца з адкрыцця экалагічнай трапы “Адраджэнне прыгажосці”, якая пазнаёміць экскурсантаў з адроджаным участкам балота на месцы былых торфараспрацовак “Обаль-1”. У Обальскай СШ пройдзе круглы стол “Сучаснасць і будучыня Обальскага балота”. Свае работы прадставяць юныя эколагі і краязнаўцы са школ Шумілінскага раёна. Для аматараў фатаграфіі пройдзе фотаплэнэр.
Будуць арганізаваны майстар-класы па вырабу штучных гнёздаў для птушак, работы з глінай, саломкай, прыроднымі матэрыяламі.
Гледачоў запросяць фотавыставы, выстава-продаж керамічных вырабаў, выстава “Аптэка на балоце”. Для дзяцей будуць арганізаваны конкурсы, будуць працаваць атракцыёны. Увечары праграму прадоўжыць тэатралізаваны канцэрт “Балотная завіруха”, вогненнае шоў і дыскатэка.
Другі дзень фэсту з раніцы пачнецца конкурсам касцоў, які пройдзе ў вёсцы Вішня, што месціцца на самым ускрайку Обальскага балота. Удзельнікі і госці свята змогуць пабываць на возеры Расалай, адным з самых прыгожых і маляўнічых куткоў балота. Можна будзе на парусных і грабных катамаранах праплыць па рацэ Обаль ці пракаціцца па возеры.
Обальскае балота запрашае на свята ўсіх, каб пазнаёміцца з адным з самых прыгожых куточкаў Шумілінскага раёна.
Падрабязней з праграмай мерапрыемстваў можна пазнаеміца ў раздзеле “Сацыяльная сфера” – “Культура і СМІ”.