С. Бабенка дэманструе рэканструкцыю мужчынскага сармацкага строю.
На мінулым тыдні экспазіцыя Духаўскога кругліка папоўнілася тэматычнай выставай «Нататкі віцебскага шляхціца». У ёй асноўная ўвага нададзена рэканструкцыі Віцебскага павятовага апалчэння з ліку шляхты і мяшчанства першай паловы XVII стагоддзя.Гэта спроба народнага клуба гістарычнай рэканструкцыі «Варгенторн» Цэнтра культуры «Віцебск» узнавіць матэрыяльную культуру горада той эпохі ў межах новага навуковага праекта «Віцебская харугва».
– Амаль 10 гадоў наш клуб займаецца гістарычнай рэканструкцыяй і эксперыментальнай археалогіяй. І ўрэшце мы выйшлі на такі ўзровень рэчавай і навуковай базы ў рэканструкцыі матэрыяльнай культуры ранняга сярэднявечча на тэрыторыі Днепра-Дзвінскага рэгіёна, што адчулі сябе здольнымі зірнуць на іншыя «белыя плямы» ў гісторыі і культуры нашага краю. Адной з такіх «плямаў» сталася ў Беларусі XVII стагоддзе, а менавіта – шляхецтва і мяшчанства, вывучэннем матэрыяльнай культуры якіх амаль ніхто не займаецца, – паведаміў на адкрыцці выставы гісторык, навуковы кансультант клуба «Варгенторн» Сяргей Бабенка.
Ён жа аўтар-выканаўца экспанатаў. А гэта камплект даспехаў, узбраення і амуніцыі панцырнага шляхціца, рэканструкцыя мужчынскага сармацкага строю і розныя «дробязі». Хаця Сяргей шчыра прызнаўся, што сам ён займаўся сярмяжнымі і металічнымі вырабамі, даспехамі, а большая частка экспазіцыі – вынік катаржнай працы яго жонкі Алены, якія шыла камплект строю: жупан, дэлію, кашулю. Дарэчы, прадстаўленая на выставе дэлія – першая спроба рэканструкцыі гэтага элемента на постсавецкай прасторы. Тое, чым займаюцца Сяргей з Аленай – праца настолькі ж складаная, наколькі і смелая. Толькі збор тэарэтычнай інфармацыі заняў амаль паўтары гады! Многія крыніцы – на польскай мове. Не спыніла іх і тое, што матэрыялы і сама праца зусім не танныя. Уся экспазіцыя пацягне больш за тры тысячы долараў.
– Грошы вялікія, аднак нікому, акрамя такіх жа апантаных даўніной, як мы, гэтыя рэчы непатрэбны, – сказаў Сяргей. А яшчэ падзякаваў музею за тое, што даюць магчымасць дэманстраваць сваю працу шырокаму колу людзей. І, трэба адзначыць, першыя госці выставы засталіся вельмі задаволеныя і ўбачаным, і пачутым. Таму і вам раім зазірнуць у Духаўскі круглік, паглядзець «Нататкі віцебскага шляхціца». Тут жа можна набыць адмысловы каляндарык з яго (шляхціца) выявай. У будучым, па словах кіраўніка клуба «Варгенторн» Аксаны Лісавіцкай, экспазіцыя папоўніцца новымі экспанатамі. Будзе пашыты шляхецкі строй з шоўку і аксаміту, жаночая вопратка. Плануецца выданне навуковых артыкулаў, паліграфічнай прадукцыі і ўвогуле папулярызацыя гісторыі і культуры Віцебска першай паловы XVII стагоддзя – дэмакратычнага і слаўнага перыяду нашага краю.