А. Сідарчук, Л. Болгава і В. Вялічка.
Хутароў па нашай вобласці засталося зусім нямнога. Але імкліва пусцеюць вёскі, таму дробных населеных кропак яшчэ даволі. У некаторых з іх, дзе хаты па пальцах пералічыш, іншым разам меней жыхароў, чым некалі было ў адной хутаранскай сям’і.
Напрыклад, з 16 паселішчаў у Станіславоўскім сельсавеце Шаркаўшчынскага раёна палова малалюдных. На хутары Александрова адна хата з гаспадыняй, у вёсцы Чуйкі чацвёра жыхароў. І самыя прыкметныя ў гэтай «серыі» Вялікія Алашкі не надта адпавядаюць сёння сваёй назве – 38 чалавек (плюс мінскія дачнікі, якія ўпадабалі алашкаўскія прыазёрныя краявіды і купілі некалькі апусцелых хат).
У тым баку раёна мы і пабывалі з Аленай Сідарчук, якая пяць гадоў узначальвае Станіславоўскі сельвыканкам і карыстаецца любой магчымасцю – то з медыкамі, то з культработнікамі – праведваць менавіта аддаленыя і малыя паселішчы. Кажа, да кожнага з іх па гравійцы праедзе і машына хуткай дапамогі, і аўталаўка. (Зімой снег расчышчае тэхніка замацаваных за тутэйшымі дарогамі ДРБУ №131 і ААТ «Васюкі»). Першыя памочнікі Алены Георгіеўны ў гэтым кутку – дырэктар музея садавода-селекцыянера І. Сікоры, дэпутат сельсавета Вольга Вялічка і старэйшына Вялікіх Алашак, колішняя загадчыца ФАПа Лілія Болгава.
Побыт на тэрыторыі сельсавета адпавядае сацыяльным стандартам. А просьбы, з якімі вяскоўцы звяртаюцца да мясцовай улады і яе грамадскіх прадстаўнікоў, зазвычай сугучныя адвечным сезонным патрэбам: пасяўная, сенакос, уборка збожжавых, нарыхтоўка паліва. Дапамога насельніцтву падчас гэтых кампаній адбываецца па распаўсюджанай і адладжанай тут належным чынам схеме.
Пенсіянерам, якія трымаюць кароў, але няздольныя самі нарыхтаваць кармы, па заяўках прывозяць сена ў рулонах. Плата за яго невысокая. Калі гадуеш цяля для грамадскай гаспадаркі – забяспечаць сенам бясплатна. Дарэчы, у Вялікіх Алашках толькі дзве каровы, у Грыблах – адна. Але іх гаспадыні здаюць малако дзяржаве і за ім любой парой года абавязкова прыязджае зборшчык.
Пасля ўборкі таксама пакрыўджаных не бывае, хаця не ўсе асабістыя участкі – у агульным масіве, ёсць і прысядзібныя. Гэта, як і іншыя стасункі сельгаспрадпрыемства з падсобнымі гаспадаркамі, пад кантролем яшчэ аднаго дэпутата Станіславоўскага сельсавета – намесніка дырэктара ААТ «Васюкі» Алега Перхуровіча. Няма непаразуменняў і з нарыхтоўкай дроў у Полаўскім лясніцтве.
«Нічога немагчымага людзі не просяць, таму ўсе іх пажаданні выконваюцца: праз сельвыканкам, з дапамогай ААТ «Васюкі», якое ўзначальвае Віктар Арцюшэўскі, адпаведных раённых службаў. Пару гадоў назад у Алашкі не даходзіў аўтобус з Шаркаўшчыны. Патурбаваліся, дзякуй старшыні райвыканкама Мечыславу Морхату, – двойчы на тыдзень аўтобус тут бывае. Пенсіянеры задаволены, бо не трэба хадзіць два кіламетры да прыпынку ў Жукоўшчыне», – расказвае Вольга Вялічка.
«А мяне як былога медыка калі-нікалі просяць дамовіцца, каб доктар лекі патрэбныя прывёз, ці нагадаць, каб падпіску на газеты своечасова аформілі. Ды ці мала што», – дадае Лілія Болгава.
Скаргі, калі і здараюцца, то таксама «тыповыя» для нашага побыту: наконт хуткасці ў выкананні тых ці іншых зваротаў. Як многа снегу – хочацца ж, каб умомант пачысцілі. Патух ліхтар на вуліцы – іншым разам таксама даводзіцца трохі пачакаць электрыкаў.
Вясковыя старыя, а большасць з іх жывуць па аднаму, да апошняга трымаюцца свайго кутка. І хаця іх абслугоўваюць сацыяльныя работнікі, узімку некаторых даводзіцца змяшчаць у аддзяленне кругласутачнага знаходжання, што ў вёсцы Дзікева Германавіцкага сельсавета. Да такіх людзей павінна быць асаблівая ўвага, каб яны не пачувалі сябе пакінутымі, падкрэслівае старшыня сельвыканкама. Іх не забываюць запрасіць на самадзейныя канцэрты, свята вёскі альбо калі прыязджае святар.