Гэта толькі на фотаздымку выпускніца Плісскай сярэдняй школы Глыбоцкага раёна Аляксандра Піліпёнак выглядае летуценніцай. На самой справе яна вельмі сурьёзная і адказная дзяўчына, пераможца прадметных алімпіяд. І ў гэты час, будучы абітурыенткай, «штурмуе» Інстытут журналістыкі БДУ.
Дзяўчыне, якая нарадзілася ў сям’і хатняй гаспадыні і былога марака, у якіх на той час ужо было трое сыноў, далі імя Аляксандра ў гонар гераіні з кінафільма «Масква слязам не верыць». І падобна сваей цёзцы дзяўчына расла кемлівай, у школе была свавольніцай і максімалісткай, паколькі заўжды пра ўсё мела сваё меркаванне. Між тым яна скончыла школу з залатым медалём. Удзельнічала ў раённых алімпіядах па матэматыцы, фізіцы, рускай мове і літаратуры. Найбольшых поспехаў Саша дасягнула ў беларускай мове і літаратуры. Тры гады запар дзяўчына атрымлівала дыпломы першай ступені ў раённай алімпіядзе.
Рэспубліканскі ўзровень пакарыўся ёй не адразу. Спачатку Саша атрымала дыплом другой ступені, а толькі потым двойчы станавілася ўладальніцай першага прыза і тройчы атрымлівала прэмію Спецыяльнага фонду Прэзідэнта. Мара стаць журналісткай з’явілася разам з творчымі захапленнямі дзяўчыны. Саша піша вершы і апавяданні. Ужо мае вопыт публікацый у раённай газеце «Веснік Глыбоччыны» і рэспубліканскай «Раніцы», а таксама спрабавала свае сілы на мясцовым радыё. У артыкулах яна закранае праблемы культуры паводзін, уплыву інтэрнэту на наша жыццё і іншыя актуальныя тэмы.
P.S. Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што Саша паступіла на бюджэтную форму навучання па спецыяльнасці «Аўдыёвізуальныя СМІ». Віншуем!