Сярод чытачоў «Народнага слова» нямала носьбітаў і шчырых прыхільнікаў тытульнай мовы нацыі. Некаторыя з іх пішуць па-беларуску апавяданні, казкі, складаюць вершы – для дарослых і дзяцей. Да Дня роднай мовы і прымеркавана гэтая паэтычная нізка. Аўтары яе жывуць і працуюць у розных рэгіёнах Віцебшчыны.
Свой куток
У кожнага ёсць свой куток на зямлі,
Што вабіць і кліча заўсёды,
Не толькі самотна ці добра калі,
Але й проста так, без нагоды.
І мне яго ўсюды заўжды нестае,
І мне без яго ўсяго мала.
Там стомлены жаўра над полем пяе,
Як маці спявала, бывала.
Адтуль і мае карані прараслі,
Адтуль і мой шлях пажыццёвы.
І я не імкнуся да іншай зямлі,
Бо я там чужы, выпадковы.
Роздум
Тамара Барадзёнак, Ушачы.
Жыццёвы човен разгайдалі хвалі,
Люляюць мары светлыя мае.
Няўжо мне ўсе салоўкі адспявалі?
Ды не – пад поўняй мой яшчэ пяе.
Яшчэ душы не хочацца спакою,
Хаця даўно мінула маладосць.
Што зробіш – нарадзілася такою.
Душы таго замала, што ўжо ёсць.
Хачу, каб радасць дзень
прыносіў новы,
А горыч у ім таяла, як дым.
Гайдаюць хвалі
човен мой жыццёвы.
Дай сілы, Божа, утрымацца ў ім.
Адзінота
Наталля Галавач, Бешанковічы.
Перакладу на ноты
Самотны свой расказ.
Напэўна, адзінота
Так паяднала нас.
На тэлефон з надзеяй
Гляджу я дзень за днём.
І раяць дабрадзеі:
«Ты не жартуй з агнём».
Ды голасу дрыжанне
Вярэдзіць мне душу.
Я не прашу прызнання,
Я памаўчаць прашу.
Я да цябе прыходжу,
Здымаю паліто.
Пра наш раман прыгожы
Не ведае ніхто.
Не ведаем мы самі.
Яго прыдумаў Бог.
Ды горкімі слязамі
Ён выслаў наш мурог.
Дзіцячы вершык
Серафіма Бестава, Орша.
Чарапаха боршч варыла,
Жаб у госці запрасіла.
Да стала ім падавала
І ласкава частавала.
Жабы сёрбалі баршчок –
Апусцеў ураз гаршчок.
Суха выцерлі раты
І дадому – лататы.
Не сказаў ніхто ёй дзякуй…
Ці смяяцца тут, ці плакаць?
Імгненне
Ірына Ліпніцкая, Дзісна.
Жыццё сябе адкрывае –
Не заўтра, а зараз і тут,
Хоць будучыня спакушае
Шляхамі без пакут.
Але салодкія мары
Таюць з хвілінкай кожнай –
І ты ў бязмежным абшары –
Адзіны, бездапаможны.
Сябе адчуваеш, магчыма,
Зоркай у адзіноце,
Ці – крылы за плячыма –
Птушкай у імклівым палёце.
Ці непрыкметнай травінкай,
Зямлі і сонцу ўдзячнай,
Карункавай, можа, ільдзінкай,
На вокнах зімовых ледзь бачнай.
А вечнасць плыве ў спакоі,
Таемнасцю ахінае…
Імгненне, здаецца, такое –
Разгадка дзесь блізка лунае…
Жанчынам
Даруйце нам, што вельмі рэдка
У мітусні жыцця суровай
Чытаем вершы, дорым кветкі,
Гаворым вам кахання словы.
Дарэмна снег раскінуў сеці
І вецер хмары рве ад злосці.
Калі жанчына ўсміхнецца –
То нават сонца пазайздросціць.