Далёка за межамі Пастаўшчыны вядомы наш спрадвечны калядны бог – Зюзя Паазерскі, да якога з усіх краёў едуць на спатканне турысты.
Якое ж дачыненне да сімвала краю маюць абаяльныя і добразычлівыя людзі, якіх вы бачыце на здымку, – Ганна Балаш і Яраслаў Зямчонак? Ды самае непасрэднае! Яраслаў Анатольевіч – першы выканаўца ролі Зюзі, адпрацаваў на гэтай ніве пяць гадоў; Ганна Арсеньеўна – тая самая баба Ганна, якая сустракала гасцей ля сядзібы каляднага бога і прапаноўвала паўдзельнічаць у забаўляльнай праграме. «Мы былі першапраходцамі», – з гонарам кажуць яны сёння.
«Хросным бацькам» Зюзі стаў дырэктар Пастаўскага цэнтра турыстычных паслуг Ягор Шушкевіч. Ідэю падхапілі апантаныя асобы з раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра народнай творчасці. Распрацоўвалі ўсёй грамадой сцэнарыі, абмяркоўвалі ідэі, вобразы. Два гады выступленні адбываліся на базе лясной гаспадаркі «Пруднікі», а потым пераехалі бліжэй да горада – у фальклорна-міфалагічны комплекс «Азяркі».
Першы час ужываліся ў вобразы... Праца, дарэчы, не з лёгкіх. Ніхто ж не замаўляе надвор’е. Турыстычная група, бывае, спазняецца, снег валіць, мароз трашчыць. Але з баявога паста сысці нельга.
Дзядзька Яраслаў прызнаецца, што ў вобраз Зюзі ўжыўся лёгка, бо сам жа Стралец па гараскопе, нарадзіўся ў снежні. Таму і басанож бегаць па снезе, як сапраўдны міфалагічны Зюзя, не было праблемай. Праўда, бегаў так толькі тры першыя гады, а потым абуў стылізаваныя «тапці». У адрозненні ад астатніх, больш хліпкіх членаў творчай каманды, зусім не хварэў. «Я ж з дзяцінства спорт любіў: і канькі, і лыжы, і хакей. І сваіх двух сыноў загартоўваў адпаведна. Яны ў маленстве будавалі снежныя крэпасці, потым ішлі ў лазню, парыліся, зноў выскоквалі галышом на вуліцу і стараліся разбурыць замак саперніка. Затое і на прастуду ніколі не хварэлі».
Турыстычны маршрут «У гасцях у Зюзі Паазерскага» адразу стаў папулярным. Бясконцыя перадачы па тэлебачанні і радыё, інтэрв’ю для друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Я. Зямчонак прыгадвае, як даводзілася выступаць па нацыянальным тэлебачанні са сваяком – беларускім Дзедам Марозам, чыя сядзіба, як вядома, у Белавежскай пушчы.
Самае галоўнае ў гэтай працы – рэакцыя гледачоў, як яны ўсё ўспрымаюць. А турысты нярэдка былі з замежжа. Запомніўся каларытны венесуэльскі госць, які весяліўся і без стомы скакаў ля святочнай яліны. Кітайцы, не ведаючы мовы, таксама радаваліся ад душы. Прыемна было чуць ад замежнікаў беларускія «калі ласка» і «дзякуй». Выслоўе «Нам што шведы, што літоўцы – знойдзем добрыя ўсім слоўцы» стала дэвізам акцёраў. За дзень прыходзілася рабіць да пяці выступленняў: з раніцы да вечара. Паўгадзіны адпачнеш – і зноў у бой.
Пацікавіўся, як удавалася пераадольваць вядомы «сіндром Дзеда Мароза», калі кожны хоча з табой«астаграміцца». На гэты конт, аказалася, было адназначнае табу. Калі гасцям прапаноўвалі чарку і шкварку, самі за стол ні ў якім разе не ішлі.
Яраслаў Анатольевіч прыгадвае, як у Гродне пазнаёміўся з беларускамоўным таксістам. Той адразу здагадаўся, што кліент не мясцовы. «Калі ж даведаўся адкуль, першая рэакцыя: я ж быў у вашага Зюзі. І як жа ён быў узрушаны, што зноў спаткаўся з барадзедам, праўда, у іншым абліччы: «Усяму таксапарку пахвалюся!».
Зараз нашыя героі ўжо пару гадоў як адышлі ад казачнага рэпертуару, але па-ранейшаму працягваюць рупліва працаваць на ніве захавання і адраджэння народнай культуры ў рамках клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя», які, дарэчы, нядаўна абараніў званне народнага на абласным семінары-конкурсе-аглядзе ў Германавічах Шаркаўшчынскага раёна. Г. Балаш кіруе суполкай, а Я. Зямчонак выконвае абавязкі акампаніятара.
І Ганна Арсеньеўна, і Яраслаў Анатольевіч родам з Пастаўшчыны. Ганна з вёскі Дуброва, што на поўначы раёна. Бацькі, як кажа, на ўсемагчымых святах «былі лідарамі ў вёсцы». У іх і пайшла. Не перарвалася і сёння повязь часу: разам з бабуляй спявае на святах унучка Паліна.
Будучы Зюзя нарадзіўся ў вёсцы Курты, што блізу райцэнтра. Сам музыка, дваццаць гадоў адпрацаваў у Пастаўскай музычнай школе, якую і сам скончыў у свой час, быў вядучым у тутэйшым народным ансамблі «Паазер’е». Самавучка: з пяці гадоў грае на гармоніку. Потым было Віцебскае музычнае вучэлішча. Чаму ў свой час пайшоў са школы? Ды проста вельмі шмат бачыў заганаў у нашай сістэме адукацыі, якая вымагае марнай працы. «Бачыш, што не будзе з чалавека толку, а бацькі настойваюць. Мне лягчэй басанож бегаць па снезе, чым правесці адзін урок. Тут я ў сваёй талерцы. Я ж акцёр, і сцэна – маё. Хаця шмат вучняў абралі менавіта музычную кар’еру».
Без справы сядзець не даводзіцца. Вялікай папулярнасцю карыстаецца, напрыклад, абрад «Ажаніцца па-беларуску». Маладыя рэгулярна замаўляюць арыгінальную праграму і пасля абавязковых загса ды касцёла накіроўваюцца засведчыць свой шлюб, як было даўней.
Можна замовіць выступленні і на дом, напрыклад, павіншаваць юбіляраў. «Куды паклічуць – туды і ляцім», – пасміхаючыся, кажуць суразмоўцы. Яны – фаварыты, па-сучаснаму «хэдлайнеры», на святах вёсак, зажынках і дажынках… Выхадных, зразумела, амаль што не бывае.
Прыходзяць турысты і самі ў госці да «Традыцыі», якая месціцца ў доме рамёстваў «Стары млын» у самым цэнтры Паставаў. Іх тут, дарэчы, і пачастуюць прысмакамі беларускай нацыянальнай кухні. «Мы і акцёры, і кухары, адным словам – універсалы».
«Традыцыя» выступала і ў Польшчы, і ў Віцебску, дзе летась годна прадстаўляла «Пастаўскае падвор’е» на «Славянскім базары». Не рассварыліся і з зюзевым «бацькам» Ягорам Шушкевічам, нават выступаюць у яго на панадворку па вялікіх святах, але, вядома, у іншай якасці. Галоўнае ж, што ўсе гэтыя цікавыя асобы займаюцца адной пачэснай справай – нясуць людзям радасць.