Праз хвіліну «Багушэўскі фальварак» прыме першых пакупнікоў.
У Багушэўску Сенненскага раёна нядаўна перарэзалі чырвоную стужку з нагоды адкрыцця новай гандлёвай кропкі. Мясцовы прадпрымальнік Аляксандр Озер пабудаваў у цэнтры мястэчка магазін плошчай больш за 100 м2. У ім тры залы: для рэалізацыі прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў і кафетэрый.
На цырымоніі адкрыцця прысутнічала шмат багушэўцаў, а таксама прадстаўнікі раённай і пасялковай улад – Ганна Якаўлева, намеснік старшыні райвыканкама, Любоў Трубека, старшыня пасялковага Савета дэпутатаў. «Багушэўскі фальварак» атрымаўся знешне прывабным, утульным і зручным для пакупнікоў і работнікаў, стаў своеасаблівым упрыгажэннем пасёлка. З часам тэрыторыя вакол магазіна будзе добраўпарадкавана. Так што новай гандлёвай кропкай задаволены ўсе. Прадстаўнікі ўлад, бо ўдалося прыцягнуць у эканоміку рэгіёна значныя інвестыцыі, пашырыць канкурэнтную аснову ў сферы гандлю, жыхары пасёлка, якія атрымалі магчымасць выбіраць, дзе купляць, а ўласнік магазіна размясціў яго там, дзе хацеў.
Шлях у бізнес А. Озер пачынаў з гандлю з латка, некаторы час арандаваў памяшканне пад відэасалон. Арганізоўваў заняткі шэйпінгам, гандляваў у кіёску. Не маючы спецыяльнай адукацыі, ён тым не менш знаходзіў сваю нішу ў гандлі, сферы паслуг.
«Я ўдзячны за падтрымку не толькі мясцовым уладам. Сёння ў магазіне працуе калектыў прадаўцоў-прафесіяналаў. Гандаль стаў нашым сямейным бізнесам. Так што ў магазін укладзены не толькі грошы. У ім рэалізаваны наш жыццёвы дэвіз – рабіць прыгожа, якасна, з карысцю для сябе і людзей», – шчыра выказаўся гаспадар прадпрыемства.
Магазін «Багушэўскі фальварак» – другая ў пасёлку крама, пабудаваная на сродкі прыватных прадпрымальнікаў. У багушэўцаў ёсць іншыя цікавыя інвестпраекты. Як адзначыла Г. Якаўлева, жыхары пасёлка і навакольных вёсак вызначаюцца камерцыйнай жылкай і ініцыятывай, што і дапамагае ім рэалізоўваць эканамічна абгрунтаваныя праекты.