Чарговы востры момант ля варот «Хвалі».
У перадапошнім туры чэмпіянату краіны ў 1-й лізе ФК «Віцебск» прымаў на сваім полі пінскую «Хвалю». Віцяблянам, каб працягваць змаганне за выхад у мацнейшы дывізіён, патрэбна была толькі перамога.
У гэты халодны лістападаўскі дзень на трыбунах было нязвыкла людна: падтрымаць клуб свайго горада прыйшлі разам з настаўнікамі сотні навучэнцаў агульнаадукацыйных школ абласнога цэнтра, для многіх з якіх гэта стала першым знаёмствам увачавідкі з вялікім футболам.
Пасля таго, як «Віцебск» ужо на 6-й хвіліне выйшаў наперад, здавалася, што давесці гульню да перамогі будзе, як кажуць, справай тэхнікі. Але «Хваля» ў сярэдзіне тайма здолела зраўняць лік. Толькі за чвэрць гадзіны да заканчэння сустрэчы наш лідар Аляксандр Дзегцяроў, прадэманстраваўшы някепскі дрыблінг, чарговы раз распячатаў вароты гасцей. Пасля яго гэта яшчэ двойчы зрабіў Дзмітрый Гомза.
А напрыканцы адбылася цікавая для нашага футбола з’ява: на поле пад гучныя апладысменты трыбун выйшаў запасны галкіпер, ветэран віцебскага спорту 46-гадовы Ігар Патапаў. Праўда, па-сапраўднаму ўступіць у гульню яму так і не далі.
На жаль, наш асноўны канкурэнт, «Гарадзея» ў сваёй сустрэчы таксама выйграла. Таму ў апошнім матчы «Віцебску» трэба перамагаць на выездзе моцны «Слуцк» і чакаць асечкі пасялковай каманды ў Рэчыцы.
P. S. Наваполацкі «Нафтан» з мінімальным лікам 1:0 у гасцях перамог «Брэст» і практычна захаваў сабе месца ў вышэйшай лізе.