
Браслаўская цэнтральная бібліятэка распрацавала інавацыйны праект «Праз бібліятэку – да прафесіі». У яго рамках афармляюцца кніжна-ілюстратыўныя выставы, агляды літаратуры, дзейнічае куток дадатковай інфармацыі для абітурыентаў. Для школьнікаў рыхтуюцца памяткі, рэкамендацыйныя спісы ў дапамогу пры выбары будучай прафесіі.
Каб зрабіць гэту работу больш грунтоўнай і мэтанакіраванай, супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі аматарскі клуб для падлеткаў «Арыенцір». На яго пасяджэннях школьнікі маюць магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі розных прафесій, задаць пытанні практыкам.
Напрыклад, на сустрэчу «Знаёмімся з прафесіямі фармацэўта, урача» былі запрошаны ўрач ЛФК Браслаўскай ЦРБ Аксана Радзько і правізар, загадчыца цэнтральнай аптэкі раёна Аліна Вайцяхоўская. Госці расказалі пра спецыфіку сваёй работы, аб прафесійных якасцях, якімі трэба валодаць, узгадалі, чаму яны вырашылі звязаць жыццё з медыцынай, паведамілі, у якіх навучальных установах можна атрымаць адпаведную адукацыю. Праходзіла сустрэча ў форме дыялогу. Падлеткі з цікаўнасцю слухалі гасцей, актыўна задавалі пытанні. Потым школьнікі азнаёміліся з матэрыяламі кніжнай выставы «У свеце медыцынскіх прафесій». У падарунак удзельнікі клуба атрымалі інфармацыйны буклет па тэме мерапрыемства.
У лістападзе на чарговую сустрэчу запрасілі намесніка пракурора Юрыя Кезіка і натарыуса Таццяну Друсь (на фота). Таксама атрымалася вельмі карысная размова. Асаблівую зацікаўленасць дзяцей выклікала электронная прэзентацыя «У свеце юрыдычных прафесій», прадстаўленая бібліятэкарамі. Завяршылася мерапрыемства знаёмствам удзельнікаў клуба з магчымасцямі публічнага цэнтра прававой інфармацыі, які паспяхова працуе тут з 2002 года.
У планах «Арыенціра» – новыя сустрэчы.