Мінулы год, аб’яўлены Годам кнігі, для вучняў Мярэцкаўскай базавай школы Глыбоцкага раёна быў напоўнены яркімі падзеямі. У пачатку 2012-га стартаваў цікавы літаратурны праект, які завяршыўся ў апошнія дні снежня.
Яго кульмінацыяй стала акцыя «Чытаем Янку Купалу і Якуба Коласа разам». Больш за 20 чалавек дэкламавалі творы класікаў. У арганізацыю мерапрыемства найбольшы ўклад ўнесла настаўніца беларускай мовы і літаратуры, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ганна Зінкевіч (на фота). У творчым багажы паэтэсы – кніга «Шляхам любові», падрыхтаваны чарговы зборнік. Магчыма, яго выхад супадзе са стварэннем уласнага сайта паэтэсы.
Але Ганна Браніславаўна найперш імкнецца дапамагчы вучням раскрыць талент. Яна лічыць, што яе асноўны абавязак як педагога – прывіць падлеткам любоў да кнігі, навучыць выкладаць уласныя думкі на паперы. 25 год таму ўзнікла ідэя стварыць пры школе літаратурны гурток «Зараначка».
– У Год кнігі, – расказвае Г. Зінкевіч, – у «Зараначкі» быў юбілей. Прыклалі ўсе намаганні, каб стварыць уласны зборнік пад аднайменнай назвай. У яго ўвайшлі лепшыя дзіцячыя творы апошніх 15 гадоў. Папярэдні рукапісны альманах «састарэў», таму і стварылі новы: каляровы, з фотаздымкамі. Супольная праца адзначана ганаровымі граматамі кіраўніцтва раёна, школьнікі і іх бацькі гэтаму вельмі рады.
У літаратурным гуртку Ганны Браніславаўны займаюцца вучні з 5-га па 9-ы клас. Дзіцячыя душы вельмі чулыя. Таму Ганна Браніславаўна працуе амаль з кожным індывідуальна.