15 студзеня ў сёлетнім календары пазначана слаўным юбілеем – споўнілася 75 гадоў з дня ўтварэння Віцебскай вобласці.
А ўрачыстае святкаванне важкай даты адбудзецца заўтра ў канцэртнай зале «Віцебск» з удзелам кіраўніцтва рэгіёна, шырокай грамадскасці, шаноўных ветэранаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў – усіх тых, хто свае сілы і веды аддае стваральнай працы на роднай, бацькоўскай зямлі. Каб квітнела і багацела наша Віцебшчына, каб паўночны рэгіён заўсёды годна выглядаў на карце суверэннай Беларусі па ўсіх паказчыках развіцця.
Галоўны ж з гэтых паказчыкаў – чалавечы патэнцыял, клопат аб нашай будучыні. На Віцебшчыне дзеля гэтага робіцца шмат. Паглядзіце на гэтыя радасныя кадры мінулагодняга адкрыцця ў віцебскім мікрараёне Білева сучаснага дзіцячага сада! Тады на ўрачыстасці старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец зазначыў, што ўвага да адукацыі, якая ў праграме развіцця Беларусі абрана стратэгічнай кропкай росту, будзе толькі ўмацоўвацца. І так яно і ёсць. Сёлета на Віцебшчыне працягваецца будаўніцтва новых дашкольных ўстаноў. Трэба, вельмі трэба як мага больш трывала замацаваць тую пазітыўную тэндэнцыю, што адзначаецца апошнім часам у дэмаграфіі Віцебшчыны. А будзе ў нас добрая змена – значыць будуць новыя перамогі, прадоўжыцца слаўная гісторыя нашага слыннага краю.