Кафедральны сабор.
(Працяг. Пачатак у №14 за 5 лютага).
Па несвятых святынях
Кожны квадратны метр Рыма, лічы, асвечаны хрысціянскай крывёю – столькі пакутнікаў за веру зведаў Вечны горад. І ў свеце зямля гэтая лічыцца пасля Палесціны і Ізраіля другой па святасці. Праўда, сёння існуе і прымаўка: «Хочаш страціць веру – едзь у Рым». Столькі сабораў, багатая хрысціянская гісторыя, але ўсё гэта перажывае своеасаблівы духоўны заняпад. Сёння Вечны горад – турыстычная мекка, дзе на святынях гандлююць і мала дзе служаць Богу. Многія базілікі – папросту вялікія музеі, там прыгожа, але духу намоленасці ўжо не адчуць. Хоць Італія – грандыёзная скарбніца хрысціянскіх рэліквій, але гэта не асвячае яе і людзей. Бо святасць хаваецца ў справах любові і міласэрнасці. Іх не хапае ва ўсім свеце.
Але не захапляцца прыгажосцю, гуляючы па рымскіх саборных плошчах і вулачках, я таксама не магла. Сэрца вылучыла два цудоўныя месцы. Першае – кафедральны сабор Святога Яна ў Латэране. Заснаваны Канстанцінам, які назваў яго базілікай Збаўцы. Тут праходзілі ХІІ Сусветны і IV Латэранскі саборы, была кульмінацыя тагачаснай папскай улады і аб’яўлены Пяты крыжовы паход. Надзвычай прыгожы храм, з добрай акустыкай, дзякуючы якой псалмы сапраўды ўзносяцца ў неба: «Бог ёсць любоў. Майце адвагу жыць у любові. Не бойцеся».
Не менш уразіла царква Санта Марыя ін Касмедын. Знешне просты і строгі храм, пабудаваны калісьці на месцы вялікага язычніцкага ахвярніка Геркулеса. У VIII ст. быў ператвораны ў грэчаскую царкву абшчыны, што збегла з Візантыі. Да XIX ст. на плошчы перад храмам адбывалася пакаранне гільяцінай. Сёння гэта базіліка карыстаецца папулярнасцю не столькі як сакральная пабудова, колькі дзякуючы знаходжанню побач мармуровай маскі, названай Вуснамі праўды. Усе хлусы, якія клалі туды руку, заставаліся без яе.
А вось у Ватыкане сэрца аўтара гэтых радкоў не спынілася. Мой суб’ектыўны погляд можа аспрэчыць любы, хто захоча трапіць у Рым. Але турысту сапраўды там ёсць што паглядзець. Уражвае вялікая плошча Святога Пятра, на якой знаходзіцца аднайменны сабор. Базіліка, пабудаваная Канстанцінам над магілай апостала, умяшчае ў сябе ўсё мастацтва сярэднявечча, касмічнасць якога можа абхапіць толькі чалавек з вялікім густам. Культуралагічна помнікамі Ватыкана не захапляцца немагчыма. Гэта былая і сённяшняя рэзідэнцыя рымскіх пап, а з 1929 года – незалежная дзяржава.
Удзельнікі еўрапейскай хрысціянскай сустрэчы Тэзэ ў Рыме мелі магчымасць ў адзін з вечароў памаліцца разам з каталіцкім іерархам Бенедыктам XVI. Спачатку ён праехаў паміж сектарамі на папамабілі і блаславіў моладзь, а потым адбылася сумесная малітва.
Рым навагодні і турыстычны
Новы год у Вечным горадзе сустракаюць каля Калізея. Толькі рымлян там адзінкі. Для італьянцаў, як і для многіх еўрапейцаў, усё ж галоўным святам лічыцца Раство Хрыстова. А Новы год, альбо па-еўрапейску Сільвестар, жыхары Вечнага горада амаль не святкуюць, хоць у краіне першага студзеня лічыцца афіцыйным выхадным. Тыя, хто збіраецца ля Калізея, п’юць шампанскае з пластмасавых келіхаў на ножцы і радуюцца прыгожаму салюту. А ў дзве гадзіны ночы ўжо ўсе дома і спяць. І калі хто гуляе ў Рыме пазней – то гэта рускія турысты. Увогуле расіянін з сярэднім заробкам з вялікага горада можа сабе дазволіць адпачываць у італьянскай сталіцы з шыкам. Многія сумяшчаюць такія канікулы з шопінгам. Калядныя і навагоднія распродажы і зніжкі прыемна здзіўляюць. Італьянскія боты коштам менш за 100 еўра – гэта рэальнасць. Праўда, адны з колішніх заканадаўцаў моды цяпер самі апранаюцца ўсё больш безгустоўна. Нават не ведаю, што на гэта паўплывала. Хаця знакамітая і самая фешэнебельная вуліца Вія Віторыа Венета з буцікамі сусветна вядомых марак адзення, абутку і аксэсуараў па-ранейшаму дыктуе стыль.
Гул на рымскіх плошчах сціхае толькі ўначы. Прагулка па іх удзень – гэта як наведванне музея пад адкрытым небам. Плошча Іспаніі з яе знакамітай лесвіцай; замак Святога Анёла – былая грабніца імператара Адрыяна, затым крэпасць і папская вязніца, што ўвекавечана ў оперы «Тоска» Пучыні; фантан «Трэві»; Пантыён; плошча Навона – калісьці стадыён марскіх спаборніцтваў; плошча Венецыі, дзе знаходзіцца былы палац Мусаліні. Гэта мой мінімум наведаных турыстычных аб’ектаў. Шмат каля якіх помнікаў проста прабягала міма за няйменнем часу. На Вечны горад патрэбны не дзень і нават не месяц. Для мяне Рым турыстычны ў студзені так нагадаў беларускі кастрычнік. Дрэвы з сухім лісцем ля ракі Тыбр, смуга і не зусім яркае сонейка малявалі пейзажы. Асаблівым месцам такіх прыродных малюнкаў стаў мост Святога Анёла. Такі Рым паэтычна ўразіў, і зноў па Бродскаму.
(Заканчэнне будзе).