Я былы супрацоўнік раённай газеты «Дняпроўская праўда», доўгі час з’яўляюся падпісчыкам «Народнага слова». Мне вельмі падабаецца рубрыка ў вашай газеце «Гісторыя ў фотаздымках», бо старыя фатаграфіі і сапраўды шмат чаго цікавага могуць расказаць моладзі, нагадаць старэйшаму пакаленню пра тое, што было 30-50 гадоў назад, а іншы раз – аднавіць у памяці забытыя падзеі, узгадаць лёсы людзей.
Фотаздымак, які прапаную да ўвагі чытачоў «НС», зроблены ў 1951 годзе, на ім – другі выпуск брыгадзіраў-жывёлаводаў Бабініцкага саўгаснага вучылішча (Аршанскі раён). У цэнтры (у кепцы) – выкладчык, як сёння кажуць, куратар групы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Яфімавіч Шарупіч. У чэрвені 1941 года ён паспяхова скончыў Ленінградскі інжынерна-механічны інстытут механізацыі сельгасвытворчасці. Ваяваў, а з 1945-га выкладаў трактарную справу ў Бабініцкім вучылішчы механізацыі. Потым яго прызначылі намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. У 1963 годзе вучылішча перавялі ў Дуброўна, дзе ў СПТВ-35, а потым ПТВ-171 (зараз прафліцэй сельгасвытворчасці) С. Шарупіч працаваў да выхаду на пенсію.
Цікава даведацца пра лёс іншых герояў фотаздымка. Сярод іх былі і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай (на лацкане пінжака ў аднаго з іх ордэн Айчыннай вайны). Можа, хто з іх яшчэ жывы? Магчыма, іх дзеці, унукі ці сваякі дашлюць лісты ў рэдакцыю і раскажуць пра першых пасляваенных брыгадзіраў сельгасвытворчасці: дзе і як яны працавалі?