Возера Семянец каля вёскі Свабодная Сенненскага раёна ці не самае малое на Віцебшчыне. Яго плошча крыху перавышае гектар. Па словах мясцовых жыхароў, тут прадстаўлены амаль усе віды рыбы. Праўда, раней шчупакоў, краснапёрак, падлешчыкаў, плотак і г. д. вялося больш, таму цяпер рыбакі да гэтага вадаёма праяўляюць малы інтарэс.
Але для аматараў прыроды возера цікавае сваім месцазнаходжаннем. Яно размешчана на ўзвышшы ў даволі глыбокай катлавіне і выглядае сподкам сярод шырокага стала. А самае галоўнае тое, што ўсяго ў 150-ці метрах ад яго разляглося вялікае возера Сянно, і ўзровень вады ў ім значна ніжэйшы. Паміж сабой суседзі звязаны ручаінай, па якой з Семянца сцякаюць лішкі вады. Відавочна, што малое возера падсілкоўваецца крыніцамі, што дазваляе «сподку» зусім не выліцца ў Сянно і падтрымліваць нерукатворны водны каскад.