Чалавек, культура, горад. Якім бачаць развіццё Віцебска яго жыхары і якія праекты ў галіне культуры ім цікавыя найперш? Менавіта гэта абмеркавалі падчас нядаўняй акцыі «Кірмашу праектаў». Віцебская сустрэча сталася заканамерным працягам «кірмашоў», што прайшлі ў Гомелі і Магілёве, а таксама грамадскай дыскусіі і прэзентацыі фестывалю беларускамоўнай рэкламы «Аднак» у горадзе над Дзвіной.
– Гэтым праектам мы імкнемся дапамагчы праявіць ініцыятыву тым, хто клапоціцца не толькі пра сваё, – зазначыў арганізатар віцебскага «Кірмашу праектаў» Уладзімір Булаўскі. – Удзел у мерапрыемстве – гэта адначасоваабмен кантактамі між людзьмі, якія шукаюць партнёраў для рэалізацыі задумак і змогуць разам зрабіць унёсак у паляпшэнне культурнага жыцця горада.
Варта адзначыць, што актыўнасць удзельнікаў і водгук грамадскасці на прапанаваныя ініцыятывы былі прыкметнымі. Больш за пяцьдзясят віцяблян прыйшлі прадставіць свае праекты і ацаніць прапановы іншых у клуб «Паддашша» (культавы віцебскі «Бітлз-клуб»), які нядаўна аднавіў сваю дзейнасць.
Усяго ў нашым абласным цэнтры было прапанавана 11 праектаў. Гэта ідэі пра выданне каталога прац Аляксандра Салаўёва, модныя цяпер у Беларусі канцэпцыі брэндынгу роднага горада, конкурс сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, выданне навукова-папулярных паштовак для аматараў і настаўнікаў гісторыі. Шчыра радавала і тое, што былі прапанаваныя праекты для розных па ўзросце мэтавых аўдыторый – ад сур’ёзнага «дарослага» канструктыўнага мастацтва да «Забаўлянак для Янкі» для самых маленькіх (праект асветніцкіх сустрэч-семінараў для маладых бацькоў). Не засталіся без увагі тэмы дабрачыннасці («Вялікая і добрая супольнасць»), кінамастацтва (стварэнне cайта KINAPOSHUK і праграма падтрымкі маладых рэжысёраў) і сучасныя асветніцкія праекты («Таямніцы Віцебска», «Віцебск: папулярнае мінулае» і «Інфармацыйны гід па Віцебску»).
Адразу пасля прэзентацый прагучалі прапановы выкарыстоўваць канкрэтныя пляцоўкі ад іх гаспадароў, а некаторыя з культменеджараў абмеркавалі магчымасць супрацоўніцтва ў прыватнай размове. Зрэшты, узровень публічнасці ў працэсе падрыхтоўкі кожны абірае сам – галоўнае, каб вынік быў на карысць культуры горада.
«Кірмашы праектаў» мяркуецца ладзіць не толькі ў абласных цэнтрах Беларусі. Калі вы маеце жаданне актывізаваць ініцыятыўных людзей у сваім горадзе, пішыце на razam@budzma.org – і мы зробім гэта разам!