Напярэдадні Дня Дзяржаўнага Герба і Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь, які будзе адзначацца 12 мая, у абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Геральдычны вянок Віцебшчыны».
У экспазіцыі прадстаўлены 42 гербы гарадоў і пасёлкаў вобласці. Загадчык аддзела па архівах і справаводстве галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Сяргей Рублеўскі расказаў прысутным пра асаблівасці геральдычных традыцый Віцебшчыны. Ён адзначыў, што падобныя выставы праводзяцца з 2010 года і за гэты час экспанатамі пазнаёміліся жыхары многіх гарадоў вобласці.
Геральдычныя сімвалы ў нашай краіне сталі адраджацца ў 1990-х гадах, калі прыкметна ажывіўся інтарэс грамадства да гістарычнай спадчыны. Вяртанне гербаў пачалося з калыскі беларускай дзяржаўнасці – старажытнага Полацка. Зараз ідзе распрацоўка геральдычных сімвалаў 7 населеных пунктаў.
Выстава будзе дзейнічаць на працягу месяца.
12 мая ў Віцебску ў 10.00 каля помніка «Ордэн Перамогі» (побач з ВДУ ім. П. Машэрава) з удзелам ветэранаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый адбудзецца ўрачыстая цырымонія, прысвечаная Дню Дзяржаўнага Герба і Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь.