У Віцебску адбылася кансэкрацыя касцёла Святога Духа. Гэта ўжо трэцяя каталіцкая бажніца, асвечаная ў абласным цэнтры. Чын кансэкрацыі здзейсніў арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілеўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Удзел ва ўрачыстасці прынялі генерал ордэна сальватэрыянаў з Бразіліі Зонта Мільтан, апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі Францішак Кісель, душпастыр беларускіх грэка-католікаў Сяргей Гаек, шматлікія святары, у тым ліку і былыя пробашчы парафіі, якая напачатку мела найменне Маці Божай з ля Салет.
Святыня мае не зусім звыклае для касцёла аблічча. Ёсць аб’ектыўная прычына: ён будаваўся на падмурках фізкультурна-аздараўленчага комплекса, які быў «паспяхова» замарожаны яшчэ за савецкім часам, пакуль у 2000 годзе яго не перадалі рыма-каталіцкай парафіі. Будоўлю праводзіў ордэн сальватэрыянаў, запрошаны ў свой час у абласны цэнтр біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам.
Адчыняючы святыню, Т. Кандрусевіч адзначыў сімвалічнае значэнне ключа. Ім як зачыняюць памяшканне, так і адчыняюць для агульнага карыстання. Дзякуй Богу, што мінуў час, калі на ўсёй нашай зямлі закрывалі і разбуралі храмы, забівалі святароў. Сёння адраджаюцца старыя і будуюцца новыя касцёлы.
Арцыбіскуп асвяціў ваду, якой потым былі акраплены сцены касцёла, а таксама шматлікія вернікі, якія, нягледзечы на працоўную суботу, змаглі прыйсці на ўрачыстасць.
Напрыканцы прагучаў велічны гімн «Магутны Божа», пад пранікнёныя словы якога «Над Беларуссю ціхой і ветлай рассып праменні свае хвалы» вернікі разыходзіліся па дамах на штодзённыя справы, каб назаўтра, на свята Спаслання Святога Духа, зноў запоўніць аднайменную бажніцу.