Распавядаць пра тое, як змяняецца жыццё ў вялікіх гарадах, прасцей. А вось на якія змены-падзеі багата глыбінка?
Напярэдадні Дня Незалежнасці, калі самы час падагульніць дасягненні і акрэсліць планы на будучыню, мы завіталі ў Расоны.
Сцвярджэнне пра тое, што гарадскі пасёлак Расоны займеў зусім новае аблічча ў 2010 годзе падчас падрыхтоўкі да абласных «Дажынак», вядома ж, мае рацыю.
Сапраўды, па ініцыятыве і даручэнні старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца райцэнтр, дагэтуль зусім непрывабны і, здаецца, кінуты на волю лёсу, ажыў, з дапамогай абласных улад дабудаваў даўгабуд, а гэта вельмі патрэбны ўсім жыхарам фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, рэканструяваў Дом культуры, мадэрнізаваў крамы, аб’екты грамадскага харчавання. Значна папрыгажэла цэнтральная плошча, дзе ўсталяваны фантан… Жывіце, людзі, працуйце, памнажайце ўласнымі намаганнямі свой дабрабыт.
І памнажаюць, у чым мы ўпэўніліся . Няхай гэта не грандыёзныя будоўлі, але ж крок за крокам праца па добраўпарадкаванні райцэнтра і вёсак не спыняецца ні на дзень. Паглядзіце, якое Дрэва кахання з’явілася на вуліцы імя Лапенкі ля філіяла Беларусбанка ў райцэнтры!
Раней тут было звычайнае балота, зарослае кустоўем. А сёння на яго месцы добраўпарадкаваная штучная сажалка, у ёй насыпаны паўвостраў і ўстаноўлена Дрэва кахання. Адмыслова зробленае наваполацкім кавалём, яно прызначана для таго, каб маладыя вешалі тут замочкі кахання ў дзень вяселля. А неўзабаве задуманы ансамбль дапоўніць клятва маладажонаў у выглядзе разгорнутай кнігі. Дарэчы, замочкаў тут мы налічылі ўжо дваццаць, значыць гарпасёлак жыве, у ім будуць нараджацца дзеці.
А на другім здымку – не грамадскае месца, гэта сядзіба сям’і Малашэнкаў з райцэнтра. Адразу бачна, колькі працы, дызайнерскай фантазіі ды і сродкаў уклалі гаспадары ў стварэнне такой прыгажосці! І цяпер усім гэтым любуюцца не толькі самі. Іх дом прызнавалі домам ўзорнага парадку.
А калі ўлічыць яшчэ, што непадалёку Расонскі лясгас заклаў на месцы старога яблыневага саду дэндрапарк ды пачалося асфальтаванне вуліцы Кальцавой, то можна прагназаваць: гэты раён райцэнтра стане неўзабаве любімым месцам і ў іншых жыхароў.
А цяпер завітаем у яшчэ адзін куточак райцэнтра. Ужо пасля «Дажынак» на яго лясной ускраіне з’явіўся вальер для ўтрымання дзікіх жывёл, клапатліва ўпарадкаваны зноў жа работнікамі лясгаса. Раней гэта быў проста засмечаны 1,25-гектарны лясны масіў, а сёння – любімае месца не толькі дзяцей, але і дарослых, гасцей Расон, а іх тут бывае ўсё больш і больш. Грацыёзныя лані не баяцца людзей, ахвотна бяруць з рук ласункі. Гаспадары вальера выкапалі для іх на абнесенай высокай ацынкаванай сеткай тэрыторыі невялікую сажалку, пабудавалі зімовы домік. І гэты аб’ект ўжо можна смела назваць адметнасцю Расон.
Вядома ж, на падобныя пераўтварэнні патрэбны і грошы, і матэрыяльныя рэсурсы. Іх у раёне, што не мае значнай прамысловасці, моцна не стае. Але ўлада разам з працоўнымі калектывамі, насельніцтвам, шукае выйсце. Праводзяць суботнікі, звяртаюцца да мясцовых прадпрымальнікаў, арганізацый. Заўсёды ідуць па шляху максімальнага ўдзешаўлення задуманых праектаў. І справа рухаецца, хоць, бывае, і марудна, з пераадоленнем шматлікіх цяжкасцей. Але яны толькі загартоўваюць і ў рэшце рэшт даюць ні з чым не параўнальнае маральнае задавальненне.
Гэтыя ды і іншыя прыклады яскрава сведчаць, што стваральная, творчая праца людзей, аб’яднанне намаганняў дапамагаюць ісці наперад, будаваць жыццё па сваім разуменні. І без усялякіх спасылак на правінцыялізм. Жыць прыгожа можна і трэба і ў глыбінцы!