М. Васільеў, В. Нікіціна, К. Рэзнічэнка
.
Хваляванне, сто …наццаты паўтор у галаве сваёй ролі, праверка грыму, касцюма– і вось яны на сцэне. Няхай пакуль яшчэ не на вялікай, аднак ужо ў сценах Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Яны – артысты, удзельнікі чарговага конкурснага агляду школьных драматычных калектываў «Школьны тэатр-17». І ўжо таму яны героі, як падкрэсліў у прывітальным слове Валерый Анісенка, дырэктар і мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра.
Калісьці гэты фестываль нарадзіўся ў віцебскай СШ №17, ініцыятарам быў цяперашні начальнік аддзела адукацыі Віцебскага гарвыканкама Ігар Кіруценка. І па сёння конкурс існуе і запальвае агеньчык любові да тэатра сярод школьнікаў.
Сёлета свае дасягненні прэзентавалі восем калектываў: Цэнтра дадатковай адукацыі Кастрычніцкага раёна, гімназій №№ 1,2 і 8, сярэдніх школ №№4, 46, 28 і 34. І дыяпазон рэпертуара шырокі: ад дзіцячых казак да ваеннай драмы. Таксама па-за конкурсам выступіў «Тэатр цудаў» Віцебскага гарадскога Цэнтра дадатковай адукацыі. Іх пастаноўка паводле А. Дударава «Не пакідай мяне» моцна ўразіла. А кіраўнік маладога калектыву паабяцаў, што ў наступным годзе яны далучацца да асноўнай конкурснай праграмы.
Між тым, усіх удзельнікаў адзначылі дыпломамі і салодкімі падарункамі. А галоўнымі героямі дня сталі дзесяцікласнікі віцебскай гімназіі №2, якія пад кіраўніцтвам Элы Петрачэнка за спектакль «Раскіданае гняздо» па п’есе Янкі Купалы атрымалі Гран-пры. Самі акцёры адзначаны яшчэ і персанальнымі дыпломамі: за яскравыя вобразы Сымона – Міхаіл Васільеў, Марылі – Вольга Нікіціна, Зоські – Кацярына Рэзнічэнка.
Іх апантанасць тэатрам пачалася ў мінулым годзе, калі вучні тады 9 «Б» класа пазнаёміліся з Аленай Ганум, якая працавала ў Коласаўскім тэатры. Яна шукала таленавітых дзетак, якія хацелі б паспрабаваць свае акцёрскія здольнасці. Згадзіліся некалькі вучняў з 10-га класа і героі гэтай публікацыі. Калектыў зрабіў пастаноўку для «Школьнага тэатра-16» па творы У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
У Вольгі, па яе прызнанні, дагэтуль не было амаль ніякага сцэнічнага вопыту, яе асноўным захапленнем была музыка. Міхаіл займаўся і працягвае займацца вялікім тэнісам, але час ад часу выступаў у аматарскіх пастаноўках у школе і летніках. А вось Каця ад пачатку грала ў тэатральных студыях «Колесо» і «Юность».
– Але той спектакль быў самым важным, – дадала дзяўчына. – Цяпер я займаюся толькі ў нашым калектыве.
Захапленне не перашкаджае вучобе. «Хіба што настаўнікам», – смеючыся, зазначылі маладыя акцёры. І яны ўпэўненыя, што тэатр назаўжды застанецца з імі, як бы ні склаўся іх далейшы лёс. Ёсць планы і мары паступіць у адпаведную ВНУ. Але для некаторых перашкодай тут не толькі вялікі конкурс ці тэсты, але і… праблема бацькоў і дзяцей. Дарослыя ўспрымаюць тэатр як хобі, але не як будучую прафесію іх сыноў і дачок.
Рыхтуючы спектакль, дзеці разам чыталі п’есу, пранікаліся, прадумвалі ролі, імкнуліся зразумець сэнс кожнага слова. Таму ігралі ад душы. Нязмушана, плаўна гучала родная беларуская мова з вуснаў герояў Янкі Купалы.
У будучым усім траім хацелася б паспрабаваць паставіць што-небудзь камедыйнае, а таксама з рускай класікі. Думаецца, і з гэтым справяцца на «выдатна». У іх яшчэ ўсё наперадзе.