Як бязлітасна хутка бяжыць час… Мы сустрэліся са Светай Кагіцінай (пасля замужжа – Макаранка) у 1974 годзе, яна была адной з лепшых вучаніц 6 «Б» класа віцебскай СШ №34. Я выкладала ў гэтай школе беларускую мову і літаратуру. Потым таленавітая дзяўчына закончыла Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт і ў 1994 годзе прыйшла ў тэатр імя Якуба Коласа ў якасці мастака па касцюмах спектакля «Здурнелы Журдэн». Сцэнографам гэтай пастаноўкі быў яе муж Юрый Макаранка. Праз нейкі час Святлану запрасілі працаваць мастаком-дэкаратарам. А ў 1996 годзе мастацкі кіраўнік Валерый Маслюк прызначыў яе галоўным мастаком тэатра. Так і стала яна Святланай Пятроўнай.
Праца галоўнага мастака вымагае не толькі творчых здольнасцяў, але і строгасці, патрабавальнасці, дакладнасці, адказнасці. Гэтых якасцяў Святлане Пятроўне не займаць.
Яе ўменне арганізаваць і пракантраляваць творчы працэс па стварэнні сцэнаграфіі і касцюмаў прынесла значны плён у дзейнасці мастацка-пастановачнай часткі тэатра. Святлана Макаранка распрацавала сцэнаграфію і касцюмы каля пяцідзесяці спектакляў. Найбольш значныя з іх: «Пакахай мяне, салдацік!» і «Стрэл у тумане» В. Быкава, «Сола для гадзінніка з боем» О. Заградніка, «Чорная нявеста» А. Дударава (лепшая пастаноўка ў тэатрах Беларусі за 1999 год), «Любоўны карагод» А. Шніцлера, «Доктар Айбаліт» паводле кінасцэнарыя «Айбаліт-66», «Ён. Яна. Акно. Нябожчык» Р. Куні.
Вельмі цікавыя сцэнаграфічныя рашэнні з’явіліся ў С. Макаранка ў апошніх тэатральных сезонах у пастаноўках: «Ладдзя роспачы» паводле У. Караткевіча (спектакль адзначаны прэміяй Віцебскага аблвыканкама «За прапаганду творчасці У. Караткевіча», 2005 год), «Памінальная малітва» Р. Горына, «За двума зайцамі» М. Старыцкага, «Псіхааналітык для псіхааналітыка» Д. Балыкі, «Млын» А. Дударава, «Квартэт» Р. Харвуда, «Я буду зоркай!» С. Кавалёва, «Дажыць да прэм’еры» М. Рудкоўскага.
Першая персанальная выстаўка Святланы і Юрыя Макаранкаў была арганізавана яшчэ ў 1994 годзе ў Музычнай гасцёўні Віцебскага гарвыканкама, потым з творчасцю мастака можна было пазнаёмiцца ў музеі сучаснага мастацтва (да Міжнароднага жаночага дня ў 1995 годзе). Лепшыя работы Святланы Макаранка па сцэнаграфіі былi прадстаўлены на выстаўках у Мінску ў 1996, 2003 і 2011 гадах.
У сям’і Макаранкаў вырасла цудоўная дачушка Наталля. Пасля заканчэння Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта яна працуе ў Маскве, дзе займаецца афармленнем дзіцячых кніжак.
Коласаўцы ад усёй душы віншуюць Святлану Пятроўну з юбілеем, жадаюць ёй моцнага здароўя, асабістага і творчага шчасця, поспехаў у далейшай плённай дзейнасці на карысць роднага тэатра.