У мінулую сераду абласную бібліятэку наведалі прадстаўнікі рэспубліканскага выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» на чале з яго дырэктарам Мікалаем Супрановічам. Да іх сустрэчы з выкладчыкамі вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і агульнаадукацыйных устаноў Віцебска была прымеркавана выстава прадукцыі выдавецтва. За 20 гадоў работы яно займела папулярнасць не толькі ў педагагічным асяроддзі. Апрача шырокага асартыменту вучэбнай, вучэбна-метадычнай, юрыдычнай літаратуры, навукова-папулярных і даведачных выданняў, якія выходзяць у свет на беларускай, рускай і англійскай мовах, «Адукацыя і выхаванне» пастаўляе на рынак творы сучасных аўтараў у жанрах фантастыкі, дэтэктыва, вострасюжэтнай прозы, дзённіка пісьменніка.
Па чытацкай аўдыторыі гэтае беларускае выдавецтва не мае аналагаў на прасторах СНД. Самай прадаваемай кнігай у нашай рэспубліцы прызнаны «Золотые правила народной культуры» Аксаны Катовіч і Янкі Крука – плён зноў жа выдавецтва «Адукацыя і выхаванне».
Падчас сустрэчы адбылася прэзентацыя і шэрагу іншых цікавых выданняў. Найперш гэта серыя «У дапамогу педагогу», якая складаецца з 12 прадметных часопісаў (напрыклад, «Матэматыка», «Беларуская мова і літаратура» і г. д.). Усяго ж выдавецтва прапануе чытачам 16 часопісаў. Доктар філасофскіх навук Павел Мартысюк пазнаёміў прысутных са сваёй манаграфіяй «Феномен творчества», а таксама з навукова-папулярнай кнігай «Удивительный мир жуков», напісаную ім у суаўтарстве з В. Карасёвым і І. Лукашэвічам.
Адметнасцю сустрэчы стала выступленне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, літаратурных прэмій імя Янкі Маўра, Васіля Віткі, Аляксандра Грына, на працягу 35 гадоў галоўнага рэдактара дзіцячага беларускага часопіса «Вясёлка», ініцыятара Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках Уладзіміра Ліпскага (на фота). Ён расказаў пра свае кнігі «Я тут жыву: дзецям пра Беларусь» і «Сонца над галавой» (аповесць ліставання), адрасаваныя юным чытачам. Апладысментамі аддзячылі ўдзельнікі сустрэчы за агучанае Уладзімірам Сцяпанавічам яго пісьмо нованароджанаму ўнуку. Апрача таго, вядомы дзіцячы пісьменнік паведаміў навіну, прыемную для маленькіх аматараў чытання і іх бацькоў: хутка выйдзе ў свет часопіс для дашкольнікаў пад пяшчотнай назвай «Буся», які будуць выпускаць вясёлкаўцы. «Агітую пісьменнікаў: давайце як след раскажам дзецям і ўнукам пра нашу родную зямлю, яе багацці, цудоўных людзей, ускалыхнем іх душы напеўнай беларускай мовай. Гэта задача і мая, і выдавецтва», – падсумаваў У. Ліпскі.