Часам зямля адкрывае таямніцы нашай гісторыі, якія доўга захоўвала і аберагала.
Некалькі гадоў назад каля вёскі Малыя Таронкавічы Лепельскага раёна энтузіясты-краязнаўцы паднялі з-пад зямлі 12 каменных крыжоў і надмагільных валуноў. Гэты невялікі ўчастак поля ніколі не апрацоўваўся, бо плугі пастаянна чапляліся за камлыгі. І вось аднойчы, падчас меліярацыйных работ, коўш экскаватара вывернуў незвычайны валун… За справу ўзяліся краязнаўцы.
На жаль, з-за адсутнасці сродкаў афіцыйныя навуковыя даследаванні не праводзіліся. Таму дакладна невядома, што гэта: старажытныя могілкі перыяду позняга язычніцтва і ранняга хрысціянства ці нехта калісьці проста звёз рытуальныя камяні з ваколіц. На адным з валуноў энтузіясты ўзнавілі старадаўні знак. Мяркуецца, што гэта выява фігуры чалавека ў чоўне, на якім, згодна з язычніцкімі вераваннямі, нябожчык перапраўляецца на той свет.
Недалёка ёсць яшчэ адзін аб’ект для даследаванняў – Рабінавы, альбо Ахвярны, камень. Ён падобны на галаву цмока і, кажуць, пад зямлёй заглыблены прыкладна на сем метраў. На Тройцу і Каляды месцічы традыцыйна прыходзяць да валуна.
Тым часам таронкавіцкія камяні ўключаны ў распрацаваны на Лепельшчыне турыстычны маршрут «Край сівых валуноў». Паслугамі карыстаюцца шмат гасцей, у тым ліку і замежных.
Можа, турыстаў было б і больш, каб экскурсаводы валодалі дакладнымі звесткамі пра тутэйшую гісторыю?