Старыя могілкі ў Лынтупах (Пастаўскі раён).
Дзяды – свята беларускага народнага календара, звязанае з памінаннем продкаў. Яны адзначаліся некалькі разоў на год, але галоўныя – Восеньскія Дзяды, якія прыходзіліся на лістапад, – на час заканчэння земляробчага сезона.
У цэнтры абраду – вячэра ў памяць памерлых сваякоў. Рытуал Дзядоў у найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў.
У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні і пакідалі крыху вады і венік для духаў продкаў. У некаторых мясцінах на пачастунак запрашалі гасцей (сваякоў, суседзяў ці нават жабракоў). Перад тым, як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчыняў вокны і дзверы і клікаў па імёнах продкаў.
У розных раёнах на стол ставілі розную колькасць страў, а ў некаторых вёсках дазвалялася з’есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. Елі варанае і смажанае мяса, клёцкі, крупнік, верашчаку ды інш. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, прыгадвалі іх учынкі, парады. Пасля яе гаспадар казаў: «Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!».
Таксама на Дзяды наведвалі могілкі, абкладвалі магілы дзірваном, каменнямі, ставілі крыжы. Часта ў гонар кожнага запальвалі асобнае вогнішча.
Да Дзядоў прымеркавалі свае дні памяці і асноўныя хрысціянскія канфесіі. У праваслаўных гэта Дзімітраўская бацькоўская субота напярэдадні дня Дзімітрыя Салунскага (сёлета гэта 3 лістапада), католікі ж згадваюць памерлых у Задушны дзень, 2 лістапада, пасля Урачыстасці Усіх Святых, іх памяці прысвечаны і ўвесь месяц.